ЦВК Беларусі абнародавала каляндарныя планы парламенцкіх выбараў

Цэнтрвыбаркам размясціў на сваім сайце два каляндарныя планы — па выбарах у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Гэтыя дакументы былі зацверджаны 6 жніўня на пасяджэнні ЦВК.

Згодна з планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Палату прадстаўнікоў, тэрмін вылучэння ў склад акруговых выбарчых камісій — не пазней за 30 жніўня. Прапаноўваць сваіх прадстаўнікоў могуць палітычныя партыі і іншыя рэспубліканскія грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы, грамадзяне.

Участкі для галасавання на парламенцкіх выбарах у Беларусі павінны быць утвораны не пазней за 15 верасня, а ўчастковыя выбарчыя камісіі — не пазней за 2 кастрычніка. У іх палітычныя партыі і іншыя рэспубліканскія грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы, грамадзяне вылучаюць сваіх прадстаўнікоў па 29 верасня.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты пройдзе з 8 верасня па 7 кастрычніка ўключна. Рэгістрацыя намечана на 8-17 кастрычніка.

Выбаршчыкам паведамяць аб часе і месцы правядзення выбараў не пазней за 6 лістапада. У гэтыя ж тэрміны ім павінны прадаставіць інфармацыю аб кандыдатах у дэпутаты, якія балаціруюцца па іх акрузе. Прагаласаваць датэрмінова можна будзе з 12 па 16 лістапада. На наступны дзень, 17 лістапада, пройдзе асноўнае галасаванне.

Паведамленні аб выніках выбараў па кожнай акрузе будуць накіраваны ў друк не пазней як на пяты дзень пасля асноўнага галасавання, гэта значыць да 22 лістапада. Спіс дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў будзе абнародаваны не пазней як у трохдзённы тэрмін з дня ўстанаўлення вынікаў выбараў.

Што датычыцца выбараў у Савет Рэспублікі, то, згодна з каляндарным планам, вылучэнне кандыдатаў у члены верхняй палаты парламента пройдзе з 9 верасня па 8 кастрычніка. Тэрміны рэгістрацыі — з 9 па 13 кастрычніка. Выбары намечаны на 7 лістапада, іх вынікі будуць устаноўлены не пазней за 22 лістапада.

Акруговыя выбаркамы на парламенцкіх выбарах у Беларусі будуць утвораны па 2 верасня

Акруговыя выбарчыя камісіі на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання ў Беларусі будуць утвораны па 2 верасня ўключна. Аб гэтым журналістам паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Першы этап выбарчай кампаніі — гэта фарміраванне акруговых, абласных і Мінскай гарадской выбарчых камісій. «Утварэнне іх адбудзецца па 2 верасня ўключна», — сказала Лідзія Ярмошына. Больш за ўсё іх будзе ў сталіцы — 21 (20 акруговых і Мінская гарадская камісія). Менш за ўсё ў Гродзенскай, Магілёўскай абласцях — па 13 акруговых камісій і па адной абласной.

Яна растлумачыла, што прэтэндэнты на месцы ў парламенце змогуць пачаць падаваць дакументы (перш за ўсё аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў выбаршчыкаў для вылучэння) пасля ўтварэння акруговых выбарчых камісій, гэта значыць пасля 2 верасня.
У Мінску прайшло пасяджэнне Цэнтральнай камісіі, на якім прыняты пастановы па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення выбараў у Нацыянальны сход Беларусі 7-га склікання. У прыватнасці, для правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у Беларусі ўтвараецца 110 выбарчых акруг. У Брэсцкай вобласці — 16, у Віцебскай — 14, Гомельскай — 17, Гродзенскай — 13, Мінскай — 17, Магілёўскай — 13, Мінску — 20. Колькасць акруг у параўнанні з 2016 годам не змянілася. У 2019 годзе сярэдняя колькасць выбаршчыкаў на акругу склала 62,9 тыс. чалавек.
Вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі пройдзе з 9 верасня па 8 кастрычніка
«З 9 верасня па 8 кастрычніка ўключна пройдзе вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі. З 9 па 13 кастрычніка — рэгістрацыя», — сказала старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Яна нагадала, што выбары ў верхнюю палату парламента не прадугледжваюць правядзення агітацыі.
Выбары членаў Савета Рэспублікі намечаны на 7 лістапада. Лідзія Ярмошына нагадала, што гэту дату агучыў кіраўнік дзяржавы ў штогадовым Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. «Яна адпавядае нашым традыцыям. У гэты дзень ва ўсіх абласных цэнтрах і ў Мінску адбудуцца пасяджэнні дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню, дзе будуць выбраны па восем членаў Савета Рэспублікі», — растлумачыла старшыня ЦВК.
Ярмошына: на правядзенне парламенцкіх выбараў у Беларусі плануецца накіраваць каля Br23 млн
«Падагульняючая лічба — каля Br23 млн», — сказала Лідзія Ярмошына. Яна ўдакладніла, што размова ідзе і пра выбары ў Палату прадстаўнікоў, і пра выбары ў Савет Рэспублікі.
Фінансаванне ў бягучым годзе ў параўнанні з парламенцкай кампаніяй 2016 года павялічана на Br1 млн. «Гэта звязана з ростам сярэдняй заработнай платы па краіне», — растлумачыла старшыня ЦВК.
Як паведамлялася, кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 5 жніўня падпісаў указы №293 і №294 аб назначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання. Яны пройдуць адпаведна 7 і 17 лістапада 2019 года
Беларусь накіравала запрашэнні назіраць за выбарамі міжнародным арганізацыям
Беларусь накіравала запрашэнні назіраць за парламенцкімі выбарамі такім міжнародным арганізацыям, як ПА АБСЕ, Выканкам СНД, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва. Аб гэтым журналістам паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Кіраўнік Цэнтрвыбаркама расказала, што атрымала адпаведную інфармацыю з МЗС. «Накіраваны пісьмы ў Парламенцкую асамблею АБСЕ, Выканкам СНД і Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. Гэта значыць, наглядальнікі ад міжнародных арганізацый ужо запрошаны», — адзначыла яна.
У сваю чаргу ЦВК пазней накіруе запрашэнні калегам з Цэнтральных камісій і ў Сусветную асацыяцыю арганізатараў выбараў, якая базіруецца ў Рэспубліцы Карэя.
Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, запрашэнні плануецца накіраваць у Цэнтрвыбаркамы краін, куды ездзілі назіраць за выбарамі прадстаўнікі беларускай Цэнтральнай камісіі. «Гэта Расійская Федэрацыя, Украіна, Малдова, Арменія, Грузія, Азербайджан, Кыргызстан, Казахстан. Увогуле, усе краіны СНД плюс Украіна, Грузія і Карэя», — удакладніла Лідзія Ярмошына.
Назваць папярэднюю колькасць міжнародных наглядальнікаў яна не змагла, паколькі місіі яшчэ не сфарміраваны.

Па матэрыялах газеты «Жодзінскія навіны».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *