Пачалася сяўба азімага рапсу
Сельгаспрадпрыемствы раёна на мінулым тыдні прыступілі да сяўбы азімага рапсу. Аднымі з першых пачалі яе ў сельскагаспадарчым філіяле «Светлая ніва». Сёлета пад рапс тут адвялі плошчы на 50 гектараў больш, чым летась.
Неабходна пасеяць гэтую алейную культуру на плошчы 250 гектараў. 150 гектараў пасеюць элітай і яшчэ 100 — гібрыдным насеннем.
Да 40 гектараў плошчы ў дзень засявае Сяргей Савіч на МТЗ-920 сеялкай «Амазон». Глебу рыхтуе на МТЗ-3522 з плугам ППО-9.45 АКШ 7.2 Аляксандр Савіч.
— Вельмі важна не ўпусціць час у гэтай працы, таму мы пачалі сяўбу першага жніўня, — расказаў дырэктар СГФ «Светлая ніва» Дзмітрый Шынкарэнка. — Перад гэтым унеслі калійныя і фосфарныя ўдабрэнні. Плануем за дзесяць дзён пасеяць эліту, а затым — гібрыднае насенне. Да 20 жніўня павінны справіцца з гэтай работай, калі не падвядзе надвор’е.
Анастасія ГЛЕБАВА.