У ААТ «Зазерка» віншавалі перадавікоў

Дырэктар ААТ «Зазерка» Андрэй Папельскі віншуе вадзіцеля Міхаіла Навіцкага


Пераадолелі
экватар жніва ў ААТ «Зазерка». План уборкі ў гаспадарцысамы вялікі ў раёне: 2678 гектараўУраджайнасць  —  34 цэнтнеры з гектара.

— Мы планавалі ўбраць ураджай з поля за 20 дзён, але надвор’е ўнесла свае карэктывы, — кажа дырэктар ААТ «Зазерка» Андрэй Папельскі. — Нашы камбайнеры літаральна чакаюць кожную пагодлівую гадзіну. У дні, калі не было дажджу,  усе 9 экіпажаў убіралі больш за 150 гектараў,  намалочвалі каля 650 тон збожжа. А ўраджайнасць дасягала 41 цэнтнера зерня з гектара.

У полі  штодня   пяць КЗС-1218,  два КЗС-10,  «Дон-1500Б» і  «Мега-35».   Следам пяць адзінак тэхнікі працуе на   прасаванні і адвозцы саломы  з поля. Механізатар Сяргей Шчэрба адразу вядзе ворыва пад азімы рапс, якога плануюць пасеяць 400 гектараў.

Перш за ўсё ў гаспадарцы закрылі дзяржзаказ. Здалі на Мінскі камбінат хлебапрадуктаў  1150 тон  пшаніцы і жыта.

У гаспадарцы адзначаюць, што нядрэнна ўрадзіла сёлета пшаніца,  вырас добры ячмень, якога намалочваюць з асобных участкаў па 47—50 цэнтнераў з гектара.

Камбайнер Іон Панфіл

— Летась мы сабралі 7 тысяч 252 тоны збожжа, ураджайнасць склала 29 цэнтнераў з гектара, — адзначае Андрэй Станіслававіч. —  У гэтым  годзе  плануем  атрымаць яшчэ больш — 10 тысяч тон зерня, пры ўраджайнасці 38-39 цэнтнераў. Разлічваем на такі ўраджай не выпадкова. Мы пастараліся ўкласціся ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны сяўбы, унеслі комплекс мінеральных удабрэнняў, правялі ўсе ахоўныя мерапрыемствы, ну і, вядома ж, наша агранамічная служба паклапацілася пра якасць насення: сеялі ў асноўным элітай.

Хацелася б адзначыць добрасумленную працу ўсіх занятых на ўборцы. Людзі разумеюць, колькі сродкаў і сіл укладзена ў гэты ўраджай. І таму імкнуцца ўбіраць без страт. Камбайнеры  добра падрыхтавалі тэхніку, каб у валках не заставалася зерне. Вопытныя вадзіцелі, якія працуюць на адвозцы,  таксама герметычна падрыхтавалі кузавы машын, каб не губляць зерне падчас перавозкі.

Старшыня  прафсаюзнага камітэта  гаспадаркі Людміла Ленкавец віншуе вадзіцеля Аляксандра Холада

Ужо вызначыліся першыя лідары ў сельгасарганізацыі. Больш за тысячу тон збожжа намалаціў на камбайне КЗС-1218 камбайнер Іон Панфіл. А на адвозцы збожжа ў ААТ «Зазерка» лідзіруе  Міхаіл Навіцкі. Ён на аўтамабілі МАЗ-6501 перавёз 2194 тоны  зерня. Не адстае ад яго і Аляксандр Холад, які на такім жа аўтамабілі  перавёз больш за  тысячу тон зерня.  Іх з працоўнай перамогай на мінулым тыдні  ў полі павіншавала старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Анастасія Арахоўская. Словы падзякі за працу прагучалі і ад   дырэктара ААТ «Зазерка»  Андрэя Папельскага і старшыні  прафсаюзнага камітэта  гаспадаркі Людмілы Ленкавец.
Раўняюцца на лідараў жніва і астатнія. На рахунку камбайнера   Дзмітрыя Клунко 1035 тоны зерня. Набліжаецца да тысячнага намалоту і  самы малады камбайнер у гаспадарцы — Міхаіл Булгак.

— У нас распрацаваны ўмовы спаборніцтва на жніве, — гаворыць Людміла Ленкавец. —  Штодня на   мехдвары ўзнімаем сцяг працоўнай славы  ў гонар лепшых працаўнікоў гаспадаркі  на ўборцы ўраджаю. Размяшчаем інфармацыю аб заработнай плаце механізатараў  за папярэдні дзень.

Працуе ў ААТ «Зазерка» сталовая. Сёлета закупілі тэрмакантэйнеры,  у якіх развозяць гарачую ежу. Дастаўляюць у поле 60 абедаў.  Плацяць за харчаванне працаўнікі сельгасарганізацыі толькі 30 працэнтаў ад кошту.

Уборачная працягваецца. Жніво — гэта своеасаблівы экзамен для хлебаробаў. І людзі разумеюць, што не тое збожжа, што на полі, а тое, што ў засеках.

Анастасія ПЛЯТНЁВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *