Прафсаюзныя лідары павіншавалі ўдзельнікаў жніва

Пётр Окунеў віншуе Віталія Ленскага


Намеснік старшыні Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Пётр Окунеў  павіншаваў удзельнікаў жніва.  Сур’ёзнае стаўленне да працы і самааддача — вось што аб’ядноўвае ўсіх работнікаў, якія атрымалі падзячныя лісты і грашовыя прэміі ад прафсаюза.

Пра Наталлю Ляпешка, загадчыцу склада сельгасфіліяла “Светлая ніва”, мы пачулі шмат добрых слоў ад кіраўніцтва гаспадаркі яшчэ да нашай су-стрэчы.  Наталля Аляксандраўна дзесяць гадоў  працуе ў сельгасарганізацыі. Цяпер  вядзе ўлік зерня, якім паступова запаўняюцца засекі.
Для Наталлі Ляпешка візіт прафсаюзнага лідара быў нечаканым, як і для трактарыста-машыніста Уладзіміра Галубцова. Трынаццаць гадоў таму ён пераехаў на Пухавіччыну з Салігорскага раёна. У сельгасфіліяле Уладзіміра Валер’евіча характарызуюць з самага лепшага боку.

Наталля Ляпешка

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анастасія Арахоўская ўручыла падарунак дырэктару сельгасфіліяла Дзмітрыю Шынкарэнку з нагоды  дня яго нараджэння.  Дзмітрый Аляксандравіч — самы малады сярод кіраўнікоў сельгас-арганізацый у нашым раёне: яму споўнілася 25 гадоў.

Уладзімір Галубцоў

У сапраўднае свята ператварылася цырымонія віншавання лепшых у ААТ “Ражджэственскае-Агра”. Дождж, які прайшоў напярэдадні, не пускаў камбайнераў на палеткі, таму знайшоўся час і для невялічкай канцэртнай праграмы ад ансамбля “Весялуха” Турынскага СДК.

Пётр Окунеў уручыў падзяку машыністу зернесушыльнага комплекса Уладзіміру Малішэўскаму.

Уладзімір Малішэўскі

Віншаванні атрымаў і самы малады экіпаж гаспадаркі — Віталь Ленскі і Ілля Макаранка. Віталь на камбайне працуе другі сезон. Для Іллі гэты год —  дэбютны ў якасці памочніка. Ураджайнасць у гаспадарцы не высокая — у сярэднім 20 цэнтнераў з гектара, але камбайнеры разлічваюць наблізіцца да тысячнага намалоту. На дадзены момант яны займаюць другое месца ў сельгасарганізацыі.

А першымі тысячнікамі  сталі  Сяргей Ніпарко і Андрэй Капскі, сярод  вадзіцеляў — Сяргей Лаўрыненка. Яны атрымалі падзякі  і прэміі ад  прафкама сельгасарганізацыі.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *