Жыхарка вёскі Арэшкавічы адзначыла 100-гадовы  юбілей


Сцежка жыцця Ніны Пятроўны Кургановіч павярнула на другое стагоддзе. Свята ў акружэнні родных і блізкіх ужо зладзілі. На гэтым тыдні юбілярка атрымала новы пашпарт.

Напэўна, толькі гэты дакумент нагадвае Ніне Пятроўне і яе родным пра яе шаноўны ўзрост. Жанчына добра памятае свае жыццё, чытае на памяць вершы і нават складае іх сама. А яшчэ застаецца пазітыўным, бадзёрым і шчырым чалавекам. Пра свой лёс юбілярка  расказала  сама.

— Доўга прыйдзецца расказваць. Вам не хопіць  нататніка, каб усё запісаць, — жартуе Ніна Пятроўна Кургановіч і пачынае аповед.

Нарадзілася і вырасла юбілярка ў Магілёве. Да вайны там  працавала бухгалтарам-інкасатарам у банку. Выйшла замуж і пераехала ў Арэшкавічы. З мужам-настаўнікам выхоўвалі дачку. У шчаслівае мірнае жыццё ўмяшалася вайна.

Разам з мужам Ніна Пятроўна пайшла ў партызаны. Жанчына дапамагала ў гаспадарчых справах: пякла хлеб, шыла адзенне, бінтавала параненых. Неаднаразова давялося хадзіць на заданні з партызанамі і сутыкацца з паліцаямі.

Ніна Пятроўна разам з дочкамі і ўнучкай

— Напрыканцы вайны муж захварэў і памёр. У  вёсцы ўсё было разбурана. Я паехала ў Магілёў, хацела зноў уладкавацца ў банк,  — гаворыць субяседніца. —  Мяне абяцалі ўзяць на працу і нават прадаставіць пакой, але на руках была маленькая дачка. Яе не было з кім пакінуць. Я вырашыла  за-стацца ў Арэшкавічах. Разумела: утворыцца калгас — будзе і праца.

Пасля ўсё жыццё Ніна Пятроўна працавала ў гаспадарцы. Касір, палявод,  даярка, тэхнік-асемянатар —  работы жанчына ніколі не баялася. Пасля працоўнага дня спяшалася ў мясцовы клуб, дзе арганізавала гурток самадзейнасці. Артыстаў-аматараў з Арэшкавіч запрашалі  выступаць у калгасах. Выходзілі яны і на сцэну раённага цэнтра культуры.  З цікавасцю жанчына  глядзіць на  фотаздымкі і ўспамінае свае ролі.

Новы пашпарт Ніне Пятроўне ўручыла Марына Масленікава

Жыццё юбіляркі прайшло ў клопатах і турботах, але на лёс яна ніколі не скардзілася. Яна пастаянна была ў руху, гэта і лічыць сакрэтам свайго доўгалецця.

— Пасля вайны я выйшла другі раз замуж, нара-дзіла дзяцей. Працавала, выхоўвала іх, яшчэ і на рэпетыцыі паспявала хадзіць, — гаворыць субяседніца.  — Трэба быць удзячным за тое, што дае жыццё.

Цяпер галоўны скарб юбіляркі —  тры дачкі, чацвёра ўнукаў,  трое праўнукаў і пяць прапраўнукаў.  Дачка Людміла заўсёды побач з маці. У хаце пастаянна бываюць госці. Нядаўна прыехала пагасцяваць сярэдняя дачка Надзея з унучкай Аксанай, якія жывуць у Львове.

— Толькі два гады таму мама перастала вышываць сурвэткі. Здароўе, на жаль, падводзіць.  Асабліва яе расчароўваюць праблемы са слыхам, бо наша матуля вельмі камунікабельны чалавек, —  гаворыць малодшая дачка Людміла. — Не дзіўна, што многія суседзі не вераць яе узросту. На такія выпадкі мы паказваем пашпарт  1938 года, дзе напісаны год нараджэння мамы  —  1919.

Ніна Пятроўна расказала, што любіла спяваць і танцаваць. Свой творчы запал па жыцці не разгубіла. Юбілярка абяцала нам з інспектарам аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Пухавіцкага РАУС Марынай Масленікавай, якая ўручыла пашпарт,  скласці вершы пра нашу сустрэчу.

Кацярына   ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *