У сельгасфіліяле «Чырвоны май» стабільна плюсуюць па вытворчасці малака

Тэхнікі-асемянатары Ліна Надзёжкіна і Яўгенія Марцінчык.

Як вядома, летне-пашавае ўтрыманне дойнага статка не толькі час вялікага малака, але і магчымасць атрымаць прадукцыю з найменшымі матэрыяльнымі затратамі. У сельгасфіліяле «Чырвоны май» паклапаціліся пра тое, каб на малако «працавалі» не толькі пашы, але і зялёны канвеер. Сёлета было пасеяна 420 гектараў аднагадовых траў. З таго, што пасеялі ранняй вясной, ужо атрымалі трэці ўкос. Летнія пасевы часткова ідуць на зялёны корм, выкарыстоўваюць іх для пашавага ўтрымання, закладваюць зялёную масу і на сянаж.

Сёння ў гаспадарцы стабільна плюсуюць па вытворчасці малака. Толькі за студзень-ліпень атрымана прадукцыі 111,7 працэнта да ўзроўню мінулага года, а за ліпень — 131,6 працэнта.

— Паспяховай працы калектыва жывёлаводаў спрыяе тое,  што летась было нарыхтавана па 26 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, — адзначае галоўны заатэхнік СГФ «Чырвоны май» Таццяна Марцінчык. —  Пры гэтым кармы добрай якасці. Сянаж і сілас закладвалі строга прытрымліваючыся тэхналогіі. Яшчэ і зараз у нас у дастатку леташнія кармы. Дарэчы, у сельгасфіліяле рыхтуюць уласныя канцэнтраты: закупляюць шрот, прэміксы. Усё гэта, безумоўна, уплывае на прыбаўку малака.

У пашавы перыяд дойны статак МТФ «Блужа-1» і МТФ «Арэшкавічы» пасуць на пашах са шматкампанентных траў. Толькі сёлета іх пасеялі дадаткова 27 гектараў. А дзе раней пуставалі землі, пасеялі люцэрну, канюшыну і цімафееўку.

Слесар малочнага абсталявання Іван Бандарчык.

Вядома,  вялікае малако залежыць і ад добрасумленнай працы аператараў машыннага даення, ад выканання імі ўсяго тэхналагічнага працэсу. У лідарах на даільна-малочным блоку «Блужа-2» аператары Алена Прановіч  і Вольга Сальнікава. А на МТФ «Арэшкавічы» плюсуе Вольга Гаршкалепава. Людзі разумеюць, што ад іх працы залежыць і  вынік у цэлым. За добрую працу атрымліваюць дастойную заработную плату.

Вялікую ўвагу надаюць і росту пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Усяго ў сельгасфіліяле яе 2510 галоў, што на 132 галавы больш да ўзроўню мінулага года. Сёлета атрымана прыплоду ад нецеляў на 92 галавы больш. Гэта заслуга тэхніка-асемянатара Яўгеніі Марцінчык.

Зараз у СГФ «Чырвоны май» працягваецца нарыхтоўка кармоў. Закладзена 6864 тоны сянажу, што складае 92 працэнты да плану,  і нарыхтавана 334 тоны сена. Плануецца атрымаць 8 тысяч тон сіласу. Для гэтага пасеяна 500 гектараў кукурузы. Разлічваюць на  добры ўраджай.

Цялятніца Таццяна Пухава.

Ужо зараз у гаспадарцы ідзе падрыхтоўка жывёлагадоўчых памяшканняў да зімоўкі. Як адзначыў дырэктар СГФ «Чырвоны май» Аляксандр Пальчык, адрамантаваны ўсе малочныя блокі, на фермах  вядзецца бягучы рамонт і пабелка памяшканняў. На МТФ «Блужа-1» мяняецца стойлавае абсталяванне ў цялятніку, а на МТФ «Арэшкавічы» ідуць работы па замене даху на плошчы 2,5 тысячы квадратных метраў. Дарэчы, сёлета ўвялі ў эксплуатацыю новае памяшканне, у якім знаходзіцца 320 галоў буйной рагатай жывёлы.

Вядома ж,  у гаспадарцы клапоцяцца  пра ўмовы працы жывёлаводаў. Толькі што «адсвяткавала» наваселле ў адрамантаваным кабінеце галоўны заатэхнік Таццяна Марцінчык. Ужо стала звыклым для людзей прыняць душ пасля працы, а ў пакоі адпачынку выпіць кубачак кавы або гарбаты.

Як адзначыў кіраўнік сельгасфіліяла, добрасумленная праца агранамічнай службы і  ўсяго калектыву жывёлаводаў дазваляюць атрымліваць прыбаўкі малака. Толькі сёлета на ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» прададзена на 260 тон малака больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Тут разумеюць, што жывёлагадоўля — гэта тая галіна, якая забяспечвае эканамічны дабрабыт гаспадаркі.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *