У пітомніку Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа хутка пачнецца збор яблыкаў
Гэты год прыкметна адрозніваецца ад мінулага: у большасці садоў зрэдку на галінках можна ўбачыць сакавітыя плады. Аднак на добры ўраджай яблыкаў разлічваюць у пітомніку Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа, дзе яблыневыя дрэвы займаюць 55 гектараў.
— Гатункі “імант”, “памяць Каваленка”, “каваленкаўскае”, “аўксіс” шчодра аддзячаць нам за стараннасць. З аднаго дрэва плануем сабраць прыкладна 60-70 кіла-грамаў яблыкаў, — гаворыць загадчык пітомніка Максім Сваткоўскі. — Мінулы год быў неверагодна ўраджайным. Ураджайнасць гатунку “антэй” склала 30 цэнтнераў з гектара. Сёлета рэкордаў не будзе, але сакавітымі фруктамі мы забяспечым усіх жадаючых.
Рэалізоўваць яблыкі з пітомніка будуць школам і дзіцячым садкам. Жыхары горада і раёна змогуць набыць фрукты на восеньскіх кірмашах.
Масавы збор яблыкаў пачнецца ў пітомніку з пачатку верасня і працягнецца да першых маразоў.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.