У нашага земляка Алеся Карлюкевіча выйшла новая кніга

 

У Мінску пабачыла свет кніга Алеся Карлюкевіча “Слова Купалы крочыць па свеце”. Разам сабраны кароткія нарысы, эсэ, прысвечаныя сябрам беларускага мастацкага слова, тым літаратарам, якія ў розных краінах свету прапагандуюць беларускую нацыянальную літаратуру, перакладаюць творы беларускіх паэтаў і празаікаў на свае родныя мовы.

Выданне — плён не толькі літаратурнай, публіцыстычнай працы Алеся Карлюкевіча, а яшчэ і вынік арганізацыйных клопатаў па збіранні сяброў беларускай літаратуры. Пачынаючы з 2007 года, у Мінску праходзіць “круглы стол” беларускіх і замежных пісьменнікаў з агульнай ідэяй “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”. А ў лютым ужо пяты год запар на Мінскай міжнароднай выставе-кірмашы ладзіцца Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”. Многія з герояў кнігі былі гасцямі гэтых прэстыжных пісьменніцкіх сустрэч. Шмат якія з іх творчых праектаў узніклі менавіта ў Беларусі. І,  як вынік, у Чачні намаганнямі Адама Ахматукаева выйшла анталогія беларускай паэзіі ў перакладзе на чачэнскую мову. У Чэбаксарах (Чувашыя) такую ж анталогію спраектаваў і падрыхтаваў да выдання народны паэт Чувашыі Валеры Тургай. На старонках літаратурна-мастацкіх часопісаў і грамадска-палітычных газет, дзіцячых перыядычных выданняў ва Удмурціі, у Калмыкіі, Башкартастане, у іншых куточках Расіі, у Сербіі, Чарнагорыі, Літве, Арменіі, Азербайджане, Туркменістане, Казахстане друкуюцца беларускія вершы і апавяданні. І адбываецца гэта дзякуючы народнаму пісьменніку Удмурціі Вячаславу Ар-Сяргі, літаратуразнаўцу з Элісты Рыме Ханінавай, башкірскай перакладчыцы Зульфіі Хананавай, маладой сербскай паэтэсе Даяне Лазарэвіч, чарнагорскаму літаратару Слабадану Вуканавічу, літоўскім пісьменнікам Яронімасу Лаўцюсу і Вітаўтасу Жэймантасу і іншым яркім творчым асобам. Пра іх і расказвае Алесь Карлюкевіч у сваёй новай кнізе, па старонках якой можна ажыццявіць свое-асаблівае “беларускае літаратурнае падарожжа” па розных краінах і кантынентах.

На узбекскай мове

У Ташкенце (Рэспубліка Узбекістан) на мове Алішэра Наваі пабачыла свет аповесць-казка беларускага пісьменніка Алеся Карлюкевіча “Шубуршун і яго сябры”.

Пераўвасобіла гэты твор на ўзбекскую мову празаік і перакладчыца Рысалат Хайдарава. Тыраж кнігі — 2 000 экзэмпляраў. Выданне надрукавана з ілюстрацыямі маладога беларускага мастака Кірыла Задворнага.

Дарэчы, аповесць-казка пра  міфічнага Шубуршуна — цалкам альбо асобныя яе раздзелы — перакладзена на розныя мовы народаў свету: англійскую, сербскую, чарнагорскую, літоўскую, украінскую, кітайскую, татарскую, чачэнскую, балкарскую,  а цяпер — і на ўзбекскую.

Сяргей  ШЫЧКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *