Насенне — на праверку. Гаспадаркі рыхтуюцца да азімай сяўбы

Начальнік раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Наталля Булыга і галоўны аграном — дзяржаўны інспектар гэтай інспекцыі Ганна Румская.

Кожны аграном ведае, што ад добрага насення залежыць да паловы і больш ураджаю. Таму яшчэ падчас жніва ў сельгасарганізацыях раёна пачалі рыхтаваць насенне да азімай сяўбы. Цяпер аграрыі сеюць азімы рапс і прыступаюць да сяўбы азімых збожжавых. Першым у зямлю ляжа насенне пшаніцы, затым — трыцікале і азімага жыта.
У сельгасарганізацыях пад поўную па-трэбу назапашана 6495 тон насення азімых збожжавых, ці 111 працэнтаў.
На аналіз у інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін паступіла і 52 працэнты падрыхтаванага да сяўбы насення. Правяраюць у інспекцыі такія паказчыкі, як вільготнасць, жыццяздольнасць, чысціня, заселенасць шкоднікамі і маса зерня.
— Мы ўжо праверылі 1261 тону насення азімай пшаніцы, увесь трыцікале і 406 тон азімага жыта, — расказала начальнік раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Наталля Булыга. — Да ачысткі насеннага матэрыялу прыступілі ўсе гаспадаркі, і ёсць нават тыя, хто ўжо цалкам справіўся з гэтай работай. Гэта ААТ “Голацк” і СУП “Дукора-Агра”.
Як паказвае практыка, азімыя збожжавыя культуры забяспечваюць больш ста-більную ўраджайнасць, што асабліва важна ў сувязі з рэзкімі ваганнямі ўмоў надвор’я ў апошнія гады. Устойлівасць збожжавых культур да неспрыяльных умоў надвор’я ў значнай меры залежыць ад узроўню ўрадлівасці глебы і забяспечанасці раслін элементамі мінеральнага сілкавання. Таму найбольш каштоўныя культуры — пша-ніцу і трыцікале — неабходна размяшчаць на ўрадлівых участках.
95 працэнтаў насення ў гаспадарках — першай рэпрадукцыі і 5 працэнтаў — другой, якая пойдзе для абмену на эліту.
Галоўным чынам сельгасарганізацыі сеюць беларускія гатункі. Купляюць іх у арганізацыях, якія займаюцца вытворча-сцю элітнага насення. Летась у некаторых гаспадарках пасеялі новыя гатункі азімай пшаніцы: “фігура”, “аўгусціна”, “маркіза”. Гатунак “маркіза”, напрыклад, даў 47 цэнтнераў збожжа з гектара, а “фігура” — 44 цэнтнеры. А вось новы гатунак азімага жыта “афелія” быў яшчэ больш ураджайным: сабралі 52 цэнтнеры з гектара.
У ААТ “Зазерка” і “Голацк”, дзе сеялі элітным насеннем, таксама атрымалі добры ўраджай. У ААТ “Агра-Абярэг” нямецкі гатунак азімай пшаніцы “скаген” даў 45 цэнтнераў збожжа з гектара.
Сёлета сельгаспрадпрыемствы таксама плануюць закупіць 626 тон эліты, разлічваючы сабраць добры ўраджай. Яна зойме 15 працэнтаў у агульным аб’ёме насення.
— Штогод аграрыі высяваюць 4-5 новых гатункаў, — адзначае Наталля Мікалаеўна. — А таксама гібрыднае насенне, каб атрымаць яшчэ большы ўраджай. Летась гібрыд азімага жыта гатунку “пікасо” пасеялі ў ААТ “Зазерка”, “Агра-Абярэг”, СГФ “Светлая ніва” і СУП “Дукора-Агра” і атрымалі сярэднюю ўраджайнасць у 49 цэнтнераў збожжа з гектара. Сёлета плануецца засеяць 400 гектараў гібрыднага жыта нямецкага гатунку “ЗУ мефіста” і “пікасо” ў чатырох гаспадарках. Гэтае насенне ўжо ў засеках і гатова да сяўбы.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *