У раёне пачалася сяўба азімых зерневых культур

Аснову будучага ўраджаю працягваюць закладваць ва ўсіх гаспадарках раёна. Цяпер у бункеры пасяўных агрэгатаў засыпаюць насенне азімых зерневых культур.  Сёлета   азімы  зерневы  клін  раёна  складзе 17 250 гектараў.

З азімай пшаніцы, як і ў большасці гаспадарак, пачалася сяўба ў ААТ “Ражджэственскае-агра”. Гэта культура зойме 500 гектараў. 320 гектараў адведзена пад трыцікале, 30 — пад жыта.

— У такой  жа  паслядоўнасці  будзем  сеяць  гэтыя  зерневыя  культуры,   —  расказвае  галоўны  аграном сельгаспрадпрыемства Ганна Фінская. — Напярэдадні пасяўной кампаніі ўнеслі фосфарныя і калійныя ўдабрэнні, таму можам спадзявацца на добры ўраджай наступным летам. Сяўба вядзецца толькі пратручаным насеннем. Яго падрыхтоўкай займаюцца Уладзімір Малішэўскі і яго памочнікі.

Пётр Данчанка.

Пасяўную кампанію ў сельгаспрадпрыемстве стараюцца правесці сваімі сіламі. Сфарміраваны працоўны атрад. Галоўным сейбітам прызначаны  Сяргей  Бункевіч.   Дагэтуль Сяргей  Іванавіч  быў  задзейнічаны на культывацыі глебы. Насенне падвозіць Сяргей Ніпарко. Ворывам займаўся   яго сын,  Сяргей Ніпарко-малодшы. Малады механізатар ужо заараў больш за 600 гектараў.  Удабрэнні ўносіў Пётр Данчанка, які цяпер займаецца корманарыхтоўкай.

Сяргей Ніпарко-старэйшы.

— Пакуль вільгаці ў глебе дастаткова, нам трэба паспець пасеяць як мага больш гектараў. Надвор’е таксама пакуль нам спрыяе, — працягвае галоўны аграном. — За 25 дзён плануем цалкам справіцца з сяўбой азімых зерневых.

Восень прыспешвае земляробаў і задае хуткі тэмп працы. Раніцай уся тэхніка пакідае мехдвор і вяртаецца толькі ўвечары. Кормаўборачная тэхніка задзейнічана на ўборцы кукурузы на сілас. Цяпер закладваюць ямы на ферме каля вёскі Хочын. На кормаўборачных камбайнах працуюць Іван Бакунчык і Валерый Раўтовіч. Віталь Ленскі, Максім  Вераскоўскі,  Пётр  Данчанка,  Сяргей  Лаўрыненка, Вячаслаў Смаляк адвозяць  зялёную масу.

Сяргей Ніпарко-малодшы.

Значную ўвагу  ў  сельгаспрадпрыемстве  надаюць  барацьбе з пустазеллем. Гліфасаты плануюць унесці на  450 гектарах. Падвозам вады да “Расы” займаецца Барыс Саўчык.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *