Мехдвор ААТ “Голацк” прызнаны адным з лепшых у рэспубліцы
Добрую навіну нядаўна атрымаў калектыў ААТ «Голацк». Сельгасарганізацыя заняла трэцяе месца па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў, гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючых баз да работы ў зімовых умовах і машынна-трактарных паркаў — да палявых работ. Гаспадарка з нашага раёна ўпершыню стала прызёрам такога конкурсу.
У мінулым годзе мехдвор ААТ “Голацк” быў названы лепшым у раёне. Гэты поспех даў пуцёўку спачатку на абласны, пасля — на рэспубліканскі этап конкурсу. Камісія з ліку прадстаўнікоў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ацэньвала мехдвор па 25-ці крытэрыях. Стан тэхнікі, добраўпарадкаванне машыннага двара і наяўнасць на яго тэрыторыі санітарна-бытавых памяшканняў, ахова працы, забеспячэнне пажарнай бяспекі — спецыялісты звярталі ўвагу на самыя розныя моманты.
— Мы заўсёды стараемся выконваць усе патрабаванні раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду, таму гэтыя крытэрыі для нас не новыя, — расказвае галоўны інжынер ААТ “Голацк” Аляксандр Лешчанка. — Рэспубліканскі агляд-конкурс праходзіў напярэдадні вясенніх палявых работ. Мы рыхтавалі трактары да праходжання тэхагляду, ставілі сельскагаспадарчую тэхніку на лінейку гатоўнасці — па сутнасці, займаліся звычайнай працай. Вынікі конкурсу сталі для ўсёй нашай каманды прыемным сюрпрызам.
Інжынерную службу Аляксандр Лешчанка ўзначальвае 6 гадоў. У 2017 годзе ён заняў другое месца сярод галоўных інжынераў гаспадарак у Мінскай вобласці і прадстаўляў наш раён на абласных “Дажынках”. У сакавіку гэтага года на раённым злёце працаўнікоў народнагаспадарчага комплексу Аляксандр Сяргеевіч быў узнагароджаны граматай Мінскага аблвыканкама.
— Пры падрыхтоўцы тэхнікі добра папрацавалі загадчык гаража Васіль Прохарчык, механік Максім Пахомаў, слесары Мікалай Загар, Леанід Шылай, Анатоль Шабан, — працягвае Аляксандр Лешчанка. — Хапіла працы і механізатарам. Цяжка кагосьці выдзеліць: стараліся ўсе. Хочацца падзякаваць і работнікам бухгалтэрыі, якія дапамагалі ўбіраць тэрыторыю.
Машынна-трактарны парк у сельгасарганізацыі — адзін з самых вялікіх у раёне. Адных толькі трактароў налічваецца 26 адзінак. Па магчымасці яго стараюцца абнаўляць. У 2018 годзе за свае сродкі набылі трактар “Беларус-3522”. Пры дапамозе Мінаблвыканкама ў гаспадарцы з’явіліся кормаўборачны камбайн КВК-800, зернеўборачны камбайн КЗС-1218 і трактар “Беларус-3522” з плугам. Сёлета самастойна набылі паўпрычэп ПМФ-20 і новы малакавоз. У лізінг плануюць набыць пагрузчык “Амкадор” і апырсквальнік “Мекасан”. Важна адзначыць, што ўсю тэхніку ў ААТ “Голацк” стараюцца падтрымліваць у належным стане і своечасова яе рамантаваць.
За апошнія два гады значна змянілася і тэрыторыя мехдвара. У майстэрні тэхнічнага абслугоўвання ўстанавілі шклопакеты. Яны дабавілі не толькі камфорту, але і дапамаглі выканаць праграму па энергазберажэнні. На тэрыторыі мехдвара адрамантавалі душавыя. Побач працуе сталовая. Створаны ўмовы для камфортнай працы.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.