У населеных пунктах Пухавіцкага раёна з’яўляюцца знакі з гістарычнай інфармацыяй

Думаю, увагу жыхароў Блоні прыцягнуў інфармацыйны знак, які ўсталяваны на аўтобусным прыпынку каля мясцовай сярэдняй школы. На ім інфармацыя пра Юзэфа Баку —  каталіцкага ксяндза, паэта, місіянера часоў позняга Барока, які ў  1739 годзе стварыў у Блоні іезуіцкую місію.  На тым месцы, дзе зараз знаходзіцца Блонская сярэдняя школа, у 18-м стагоддзі  ўзвышаўся  касцёл   Святога Яна Францішка Рэгіса, які належаў місіі. Таму і знак усталявалі побач з установай адукацыі.

На жаль, час не захаваў будынак касцёла, як, дарэчы, і многія гістарычныя аб’екты ў нашым рэгіёне. Забыліся імёны  многіх цікавых асоб. Фактычна ўсталяванне інфармацыйных знакаў  — гэта адзін з магчымых спосабаў вярнуць сучаснікам  страчаныя імёны і  каштоўнасці, зрабіць так, каб яны зноў сталі часткай  нашага  паўсядзённага  жыцця.

Падобны  планшэт з інфармацыяй пра Генрыха Вейсенгофа быў усталяваны  нядаўна ў Русаковічах. З’явяцца такія інфармацыйныя знакі і ў іншых населеных пунктах з багатым гістарычным мінулым. Адбываецца гэта дзякуючы намаганням членаў  Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце, старшынёй праўлення якой з’яўляецца наш зямляк  Юрый Важнік. Як ён патлумачыў падчас размовы, такім чынам яны абазначаюць пункты, праз якія  прапаноўваюць  пракласці  веламар-шруты. На сённяшні дзень іх распрацавана сем.  Можна праехаць па мясцінах Юзэфа Бакі, якога Юрый Важнік называе геніем месца Блонь. Пралягае гэты веламаршрут па аграгарадку і вакол Мар’інай Горкі.  Маршрут “Па-над Пціччу” пачынаецца ў Мінскім раёне і заканчваецца ў Русаковічах, “Собаль і Панна” — гэта Рудзенск, Цітва, Русаковічы, Сяргеевічы, Крыстамполле і да Пярэжыра. Апошні маршрут мае назву кнігі, якую напісаў Юзэф Вейсенгоф, стрыечны брат мастака  Генрыха Вейсенгофа.

Юрый Важнік  — прыхільнік сэнсавага турызму. У сваёй кнізе “Юзэф Бака. Геній майго месца” ён так растлумачыў гэтую з’яву: “Гэта калі ты падарожнічаеш па падзеях, часе, сэнсе, звязаных з месцам. Ты становішся саўдзельнікам, ты пражываеш гісторыю, разумееш што і чаму, і тады падзея — твая, частка твайго жыцця, а гэта зусім іншая справа…”.

Не ўсе з нас добра ведаюць гісторыю роднага краю. Не ўсе нават ведаюць, дзе знайсці цікавыя звесткі пра мінулае Пухавіччыны. Таму часцей падчас самастойнага падарожжа большасць з нас проста захапляецца прыгажосцю наваколля. Інфармацыйныя знакі прызваны замяніць прыхільнікам актыўнага адпачынку гіда, даць магчымасць кожнаму самастойна  падарожнічаць не толькі па прасторы, але і па падзеях, па часе. Іх   прызначэнне  —  выклікаць цікаўнасць да сэнсавага турызму, калі ў дарогу адпраўляюцца не толькі  дзеля таго, каб адпачыць, але і дзеля таго,  каб набыць новыя веды, паразважаць аб днях мінулых і часе сённяшнім.

Наталля   ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *