Сямейны экіпаж Рымашэўскіх уваходзіць у лік тысячнікаў раёна

Уладзіслаў Рымашэўскі.

Уладзіслаў Рымашэўскі быў самым маладым удзельнікам жніва ў сельгасфіліяле “Дрычын”. На хлебнай ніве ён дапамагаў  бацьку Дзмітрыю Станіслававічу. Другі год  сямейны экіпаж Рымашэўскіх уваходзіць у лік тысячнікаў раёна.

Уборачная кампанія для камбайнераў пачалася ў пачатку ліпеня з абмалоту рапсу. З улікам гэтай алейнай культуры Рымашэўскія намалацілі больш за 2000 тон зерня.

— З бацькам працаваць заўсёды адказна. Сёлета было лягчэй, бо за плячыма меў мінулагодні вопыт, — гаворыць Уладзіслаў. — Надвор’е вымушала нас рабіць перапынкі, а мы, наадварот, імкнуліся выехаць на палеткі. Ураджайнасць у сельгасфіліяле склала амаль 38 цэнтнераў з гектара. Што-дзень у сярэднім намалочвалі па 80-90 тон зерня.

Цяпер бацька перасеў  на пагрузчык, а сын працуе вадзіцелем. Свой камбайн КЗС-1218А яны хутка паставяць на захоўванне.

Уладзіслаў прыйшоў у сельгасфіліял “Дрычын” у 2016 годзе па размеркаванні пасля заканчэння Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа, дзе атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка. У гаспадарцы маладому чалавеку падабаецца. Працы хапае, і добры заробак. Уладзіслаў ужо думае пра тое,  каб у наступным годзе самастойна сесці за руль камбайна.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *