Зазерскія земляробы ўмеюць працаваць старанна і самааддана

Аляксей Вераскоўскі.

Шчыра прызнаюся: не паспяваю заўважаць, як на палях мяняюцца культуры. Яшчэ ў ліпені  фатаграфавала хлебаробаў ААТ “Зазерка” на палетках сярод  залатых каласоў. Цяпер на тых жа палях ўзышлі азімыя культуры.

Розныя людзі папрацавалі на гэтай зямлі дзеля такіх перамен. Збожжаўборачныя камбайны, прэспадборшчыкі, трактары з плугамі, сеялкі — за кожнай тэхнікай стаіць чалавек, які прыкладае шмат сіл, каб зямля аддзячыла добрым ураджаем.  Зазерскія земляробы ўмеюць працаваць старанна і самааддана. Яны штогод становяцца пераможцамі раённага спаборніцтва. У гэтым годзе ААТ “Зазерка” заняло трэцяе месца па выніках вясенне-палявых работ.

 

На  2000  тон  больш

Зерневыя культуры ў сельгасарганізацыі займалі 2678 гектараў. Гэта  самая вялікая плошча ў раёне. Камбайнеры намалацілі 9394 тоны зерня. Вынік  2018 года павялічылі больш чым на 2000 тон. Сярэдняя ўраджайнасць склала 35 цэнтнераў з гектара (у мінулым годзе — 29,3 цэнтнера з гектара).

— Мы паставілі перад сабой такую задачу. Як мага больш зерневых культур пастараліся пасеяць у зазерскай зоне. Там землі больш урадлівыя, чым у Сяргеевічах,  —  гаворыць  дырэктар  гаспадаркі  Андрэй Папельскі. — Мікраэлементы, удабрэнні, фунгіцыдная апрацоўка раслін ад хвароб таксама паспрыялі добраму ўраджаю. Нязменна абавязковы фактар у нашай працы — увага аптымальным тэрмінам правядзення палявых работ. Трэба адзначыць з лепшага боку і нашых спецыялістаў,  якія ўсе работы выконвалі якасна і тэрмінова.

Кіраўніцтва ААТ “Зазерка” заўсёды бярэ арыенцір на новыя тэхналогіі. Сёлета  на палях з’явіліся новыя гатункі збожжавых культур. Парадавала гібрыднае жыта імпартнай селекцыі. Восенню яго пасяўную плошчу павялічылі ў пяць разоў.

На палях былога СУП “Сяргеевічы”, якія да гаспадаркі далучылі ў 2017 годзе, таксама правялі вялікі аб’ём работ. Земляробы ўнеслі арганіку і гліфасаты, каб пазбавіцца ад шкоднікаў і пустазелля. За кошт гэтай працы, якая патрабавала нямала грашовых сродкаў і сіл, атрымалі немалую  прыбаўку  да  агульнага выніку. У гэтым годзе па сяргеевіцкай  зоне ўраджайнасць  склала  27,6  цэнтнера  з  гектара (раней  была не больш за 15 цэнтнераў з гектара).

 

Ад  майстэрства  агранома

Іон Панфіл.

— Высокая кукуруза ў вас вырасла. Ледзь бачны кормаўборачны камбайн, —  гавару  я  Андрэю  Станіслававічу, з якім мы ехалі па палях.

— Гэта яшчэ не вельмі высокая, — канстатуе дырэктар. —  Не бачылі вы, як урадзіў гібрыд кукурузы французскай селекцыі. Яе мы пасеялі на 60 гектарах, як кажуць, на спробу. Ураджайнасць “каралевы палёў” дасягала 800 цэнтнераў з гектара. Нашай тэхнікі зусім  не было відаць сярод раслін. Толькі з таго аднаго поля мы нарыхтавалі 4000 тон сіласу.

На наступны год у сельгасарганізацыі плануюць  пасеяць больш кукурузы гэтага гатунку, а ў цэлым паменшыць пасяўныя  плошчы.  За  кошт  ураджайнасці разлічваюць атрымаць тую ж прадукцыю, што і зараз, але на меншых плошчах. Гэта  будзе яшчэ і эканамічна выгадна.

На ўскрайку другога  поля заўважаю ў буртах  цукровыя буракі.  Салодкая культура ў гаспадарцы займае 164 гектары і дае ўраджайнасць больш за 500  цэнтнераў з гектара.

— Гэта даволі затратная культура, да якой трэба адносіцца вельмі ўважліва. Яна патрабуе шмат хімічных апрацовак. Ураджай залежыць  ад  прафесіяналізму  агранома,  —  падкрэсліў   Андрэй    Папельскі.

Цукровыя буракі ў гаспадарцы вырошчваюць трэці год.  У арсенале зазерскіх земляробаў ёсць  сеялка, якой  засяваюць не  толькі свае палі, але і аказваюць паслугі іншым гаспадаркам. Нязменны сейбіт гэтай салодкай культуры ў сельгаспрадпрыемстве — Алег Зяньковіч.

Алег Зяньковіч.

Штогод механізатар задзейнічаны на кормаўборцы. Алег Зяньковіч займаўся нарыхтоўкай сенажу ў палімерную плёнку. На яго рахунку  2460 тысяч тон (план — 2000 тон). Такога выніку ў раёне не дасягнуў больш ніхто.

 

Людзі  ўмеюць  працаваць

Міхаіл Булгак.

Нашы размовы з дырэктарам пра вытворчыя  паказчыкі заўсёды заканчваюцца размовай  пра  людзей. ААТ “Зазерка” штогод у лідарах дзякуючы намаганням  кожнага механізатара. Яны аб’яднаны агульнай справай, якая не церпіць абыякавасці.

Аляксей Вераскоўскі  стаў  трэцім  у  раёне на сяўбе. Вясной ён  пасеяў 884  гектары,  цяпер працягвае сяўбу  азімых  зерневых.  Міхаіл  Булгак у мінулым годе быў першым сярод маладых камбайнераў. Сёлета без узнагароды на “Дажынках” ён таксама не застаўся. Міхаіл вызначыўся на культывацыі глебы. На яго рахунку  1819 гектараў. Гэта трэці вынік у раёне.

Андрэй Куслій.

Андрэй Куслій вёў догляд за пасевамі. Ён унёс мінеральныя ўдабрэнні на 1937 гектарах і правёў хімапрацоўку на 2335 гектарах.  Андрэй  Уладзіміравіч таксама стаў трэцім па выніках раённага спаборніцтва. Такі ж вынік  паказала  звяно  аператараў зернесушыльнага комплексу  (старшы аператар Юрый  Звездзін).

Старанна працавалі на працягу ўсяго сельскагаспадарчага сезона і іншыя работнікі гаспадаркі. У раз’ездах прайшла ўборачная кампанія для галоўнага агранома Аляксандра Сідорыка і галоўнага інжынера Андрэя Пінязіка. Зазерку і Сяргеевічы раздзяляюць 40 кіламетраў. Таму гэтым спецыялістам  трэба пастаянна трымаць на кантролі якасць палявых  работ і стан тэхнікі.

Андрэй  Нарэйка.

Кіраўнік гаспадаркі выказаў шмат добрых слоў у адрас свайго калектыву. Тысячнікамі сёлетняга  жніва сталі Іон Панфіл, які намалаціў 1894 тоны зерня, Дзмітрый Клунко — 1585 тон, Андрэй Басалай — 1473 тоны, Міхаіл Булгак — 1309 тон. Міхаіл Навіцкі перавёз   3310  тон  зерня,  Аляксандр  Холад  —   1803 тоны зерня. Добра  папрацаваў  на  зернетаку Андрэй  Нарэйка. Свой уклад у агульны вынік унёс кожны работнік ААТ “Зазерка”.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *