У раёне выбралі лепшага тэхніка-асемянатара

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анастасія Арахоўская віншуе Любоў Сітнік.

Конкурс прафесійнага майстэрства прайшоў у Мар’інай Горцы на  базе цэнтра  падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення па сельскай гаспадарцы і  харчаванні райвыканкама. Тэхнікі-асемянатары рашалі  тэарэтычныя і практычныя заданні. Пры падвядзенні вынікаў конкурсу ўлічваліся вынікі працы спецыялістаў за мінулы год: у ведамасці насупраць кожнага прозвішча быў паказаны выхад цялятаў на 100 кароў. Вось і атрымліваецца, што асноўная практычная частка конкурсу доўжыцца цэлы каляндарны год.

Тэхнікі-асемянатары розных узростаў і з розным вопытам прадстаўлялі сельгаспрадпрыемствы раёна.  Таццяна Дзівіцкая з ААТ “Агра-Абярэг” — самы вопытны ўдзельнік конкурсу.  Тэхнікам-асемянатарам яна працуе дваццаць гадоў. Неаднаразова займала лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў раёне, але ў вобласці і ў рэспубліцы. На конкурсе заняла трэцяе месца.

— Я абслугоўваю  МТФ “Дудзічы-1” і тры фермы на  МТФ “Дудзічы-2”. Пагалоўе вялікае: 840 кароў і 150 цёлак, — гаворыць Таццяна Уладзіміраўна.

Сёмы раз у такім конкурсе прымала ўдзел Ірына Сімаковіч з ААТ “Племянны завод “Індустрыя”. На гэтым прафесійным спаборніцтве спецыяліст атрымала дыплом за другое месца.

Ірына Сімаковіч, Сяргей Цішкін, Таццяна Дзівіцкая.

У жывёлагадоўлю Ірына Іванаўна прыйшла выпадкова з іншай сферы. Аднак ужо набыла добры вопыт. Выхад цялят на сто кароў у Ірыны Сімаковіч  за  мінулы год склаў 89,6 працэнта.

— Хочацца дабіцца яшчэ лепшых вынікаў, — гаворыць  Ірына  Сімаковіч,  якая абслугоўвае  малочнатаварныя фермы “Пухавічы”  і  “Зацітава  Слабада”.

У конкурсе ўдзельнічалі і трое мужчын.  Першае месца заслужана атрымаў Сяргей Цішкін з ААТ “Агра-Абярэг”.

Агульны стаж працы ў галіне жывёлагадоўлі ў Сяргея Мікалаевіча складае дваццаць гадоў. Спачатку ён працаваў галоўным заатэхнікам. Апошнія чатыры гады адказвае за ўзнаўленне статку на малочнатаварных фермах “Наваполле”, “Бахаравічы” і “Грабень”, дзе ўтрымліваецца  406 кароў і 350 цёлак.

Пераможцаў і прызёраў павіншаваў намеснік начальніка ўпраўлення  па  сельскай   гаспадарцы і   харчаванні   Сяргей  Ярашэнка. Ён падкрэсліў, што праца тэхнікаў-асемянатараў значна ўплывае на   эканоміку сельгаспрадпрыемстваў.

Спецыяльным падарункам   журы  адзначыла  Вольгу  Фіневіч  з  ААТ “Аграсімвал”. У мінулым годзе Вольга Уладзіміраўна заняла другое месца.

— Відаць, што ўсе ўдзельнікі рыхтаваліся  да конкурсу, — адзначыла член  журы,  галоўны  заатэхнік  Пухавіцкай   рай-племстанцыі Антаніна Коўцік. —  Парадавалі і нашы маладыя спецыялісты: Наталля Давыдоўская, якая   з сакавіка працуе на ферме “Слабада”  ААТ “Ражджэственскае-агра”,  Любоў Сітнік з сельгасфіліяла “Светлая ніва”, якая   толькі     чатыры      месяцы  працуе  тэхнікам-асемянатарам.

Наталля Давыдоўская і Любоў   Сітнік  атрымалі  памятныя падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *