Адбылося раённае свята, прысвечанае Дню настаўніка
І слова цёплае «настаўнік»… Яно не раз прагучала падчас раённага свята, прысвечанага Дню настаўніка. Педагогам Пухавіччыны дзякавалі за іх нялёгкую працу кіраўнікі раёна, калегі-настаўнікі і, вядома, дзеці, у будучыню якіх педагогі ўкладваюць не толькі свае веды, але і сваю душу.
Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Губарэвіч адзначыў, што педагогі Пухавіччыны пастаянна працуюць над павышэннем якасці адукацыі, імкнуцца ісці ў нагу з часам, асвойваючы новыя педагагічныя тэхналогіі, з кожным годам усё больш паспяхова рыхтуюць удзельнікаў прадметных алімпіяд і навуковых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў.
У сувязі з прафесійным святам былі ўзнагароджаны многія работнікі сферы адукацыі Пухавіччыны. На сцэне Палаца Рэспублікі ў ліку трох педагогаў Міншчыны Ганаровую грамату ад кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталлі Качанавай атрымаў настаўнік фізічнай культуры Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната Дзяніс Шакура. На абласным свяце ўзнагароды ўручылі выхавацелю дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Росток” Ірыне Воўчанка і майстру вытворчага навучання Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа Аляксею Залатухіну.
Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта за добрасумленную творчую працу, прафесіяналізм і дасягненне стабільных станоўчых вынікаў у педагагічнай дзейнасці ўзнагароджаны настаўнік пачатковых класаў ДУА «Мар’інагорскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа» Людміла Біруліна, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДУА «Яслі-сад «Зубраня» пасёлка Дружны» Таццяна Казлова, настаўнік фізічнай культуры і здароўя ДУА «СШ № 3 горада Мар’іна Горка» Любоў Ткачук. Лепшыя педагогі раёна былі адзначаны таксама Ганаровымі граматамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Пухавіцкага раённага выканаўчага камітэта.
Святочны настрой настаўнікам стваралі ўдзячныя вучні сваімі арыгінальнымі канцэртнымі нумарамі, а таксама самі настаўнікі, работнікі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Світанак», яшчэ раз даказаўшы ісціну аб тым, што настаўнік — чалавек, якому пад сілу ўсе.
Алена ІВАНОВА.