Завяршаецца падрыхтоўка да зімоўкі жывёлы

Падыходзіць да канца перыяд пашавага ўтрымання жывёлы, і ў жывёлагадоўлі хутка пачнецца зімова-стойлавы перыяд. Рыхтавацца да яго ў сельгасарганізацыях пачалі яшчэ ўлетку. Цяпер завяршаецца падрыхтоўка памяшканняў да зімоўкі.

У сельгасфіліяле «Дрычын» ААТ «Мінскі малочны завод №1»,  каб забяспечыць захаванасць пагалоўя, павялічыць прадуктыўнасць і рэнтабельнасць вытворчасці,  рыхтавацца  да   гэтага   перыяду пачалі яшчэ вясной.

— У гаспадарцы тры малочнатаварныя і адна таварная ферма «Горкі», дзе ўтрымліваюцца бычкі, — расказвае галоўны заатэхнік СГФ «Дрычын» Максім Якаўлеў. —  На ўсіх фермах пачысцілі і пафарбавалі трубы стойлавага абсталявання, пабялілі сцены і столь.

На МТФ «Калінаўка», дзе ўтрымліваецца 638 галоў  буйной   рагатай  жывёлы, адрамантавалі  малочны блок, на сцены і  падлогу паклалі новую плітку. Замянілі цалкам  контур транспарцёра на новы, памянялі паілкі. Па перыметры тэрыторыі ўстанавілі   агароджу   з   металапрофілю.

Пафарбавалі памяшканне для ўтрымання жывёлы і на  МТФ «Новае сяло». Знадворку пафарбавалі фасаднай фарбай памяшканне даільна-малочнага блока,  склада.  Яшчэ  на  гэтай  ферме  вядуцца  работы па замене вокнаў. Таксама замянілі  транспарцёр гноевыдалення.

— Вялікі аб’ём работы ўлетку  мы  зрабілі    на малочнатаварнай ферме «Сетча», дзе плануецца  ўтрымліваць  цялятак  ад   3 да 6 месяцаў,  — адзначае Максім Сяргеевіч. — Усю ферму абгарадзілі  плотам. Тут вядзецца поўная рэканструкцыя старога будынка пад цялятнік. Цалкам  мяняецца  дах, умацоўваем фасад, будуем секцыі для цялят, выконваем і другія работы.

На таварнай ферме  «Горкі» да зімоўкі  пабялілі і   зрабілі   дэзынфекцыю  памяшканняў.

Усе рамонтныя  работы  ў жывёлагадоўчых памяшканнях у СГФ «Дрычын» робяць самастойна: у  гаспадарцы  ёсць свая   будаўнічая  брыгада  і  працуюць рабочыя  з  ААТ   «Мінскі малочны завод    № 1».

У сельгасфіліяле нарыхтавалі ў дастатку кармоў.  У сярэднім 32,6 цэнтнера кармавых адзінак  на  ўмоўную галаву жывёлы (плюс 8,45 да 2018 года). Ёсць сянаж, сена, салома, нарыхтоўка  яшчэ працягваецца.

Ад   паспяховага   правядзення зімоўкі залежаць надоі,  сярэднясутачныя прывагі  жывёлы. Таму спецыялісты сельгасфіліяла і жывёлаводы разумеюць,  што трэба прыкласці ўсе намаганні,  каб зімоўка прайшла  паспяхова.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *