Цукровыя буракі прыносяць  прыбытак

Цёплае сонечнае надвор’е, якім радуе кастрычнік, спрыяе земляробам у правядзенні палявых работ. Уборка кукурузы на зерне  амаль  завершана. Цяпер увага сельгаспрадпрыемстваў скіравана  на  ўзняцце зябліва.  Восеньскае ворыва ў раёне трэба правесці на 23350 гектарах. План ужо выкананы на 33 працэнты. Лідзіруе ў раёне на гэтым відзе работ ААТ “Голацк”, дзе план у 1150  гектараў  выкананы  на 53 працэнты. Разам з  гэтым у гаспадарках вядуцца іншыя работы. 

 

Буракі  прыносяць  прыбытак

Цукровыя буракі ўпершыню з’явіліся на палетках раёна ў 2017 годзе. У першы сезон гэтая салодкая культура паспяхова зарэкамендавала сябе ў гаспадарках Пухавіччыны. Салодкія караняплоды хоць і патрабуюць немалых грашовых сродкаў, але напрыканцы сезона прыносяць значны прыбытак сельгаспрадпрыемствам.

ПСУ “Рудзенскае”,  сельгасфіліял “Дрычын”, ААТ “Племянны завод “Індустрыя”,   “Пухавіцкі райаграсэрвіс” завяршылі ўборку цукровых буракоў. Найбольшую ўраджайнасць — больш за 620  цэнтнераў  з  гектара — атрымалі  ў сельгасфіліяле “Дрычын” і  ААТ “Племянны  завод  “Індустрыя”. У апошняй гаспадарцы  сёлета пад салодкую культуру адвялі 300 гектараў (на 50 больш, чым у 2018-м годзе). У сельгаспрадпрыемстве атрымалі добры ўраджай — амаль 18670 тон.

Буракаўборачныя камбайны завяршаюць працаваць на палях ААТ “Зазерка” і ААТ “Агра-Абярэг”. Ураджайнасць салодкіх караняплодаў у гэтых гаспадарках перавышае 500 цэнтнераў з гектара.

 

Бульба  ў  засеках

У нашым раёне завяршылася ўборка бульбы. Найбольшую плошчу “другі хлеб” займаў у СУП “Дукора-Агра” — 610 гектараў.  На палях гэтай гаспадаркі традыцыйна бульбу вырошчвае ААТ “Машхарчпрад”. Сёлета ўраджайнасць склала 347 цэнтнераў з гектара. Земляробы атрымалі больш за 21 тысячу тон бульбы. Асноўная частка ўраджаю пойдзе на перапрацоўку.

У ЭБ “Зазер’е” з 70 гектараў  атрымалі 1419 тон бульбы. Гаспадарка  рэалізуе яе на кірмашах. Попытам карыстаюцца гатункі “вектар” і “журавінка”.

На трох гектарах для сваіх патрэб бульбу ў нашым раёне таксама вырошчвала ААТ “Зазерка”. Засекі гаспадаркі папоўніліся  76  тонамі  “другога хлеба”.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *