У сельгасарганізацыях раёна прыступілі да ўзняцця зябліва
У сельгасарганізацыях раёна прыступілі да яшчэ адной не менш важнай працы — узняцця зябліва. Бо, як вядома, своечасовая зяблевая апрацоўка глебы — адна з умоў добрага ўраджаю ў наступным годзе.
У ААТ «Ражджэственскае-агра» да гэтых работ прыступілі ў канцы верасня. Усяго неабходна заараць пад зіму 1350 гектараў.
— Пакуль зябліва ўздымае адзін наш механізатар Сяргей Ніпарка, — расказвае дырэктар сельгасарганізацыі Віталь Бакіноўскі. — Да гэтага ён рыхтаваў глебу пад азімую сяўбу. Дарэчы, у гаспадарцы пасеялі 939 гектараў збожжавых. На падрыхтоўцы глебы працаваў і Пётр Данчанка на трактары «Фэндт-930».
Зараз жа Сяргей Ніпарка на трактары МТЗ-3522 з плугам ППО-9.45 штодня заворвае па 25-30 гектараў. У бліжэйшыя дні да яго далучыцца Сяргей Бункевіч.
У сельгасарганізацыі на палі, дзе ёсць пустазелле, унеслі гліфасаты на плошчы 851 гектар. На палях працаваў агрэгат для ўнясення ўдабрэнняў «Раса» з ААТ «Упраўленне БудМеханізацыі», а Максім Вераскоўскі падвозіў ваду і ядахімікаты.
— Узняцце зябліва дае магчымасць раслінным рэшткам за доўгія зімовыя месяцы перагніць і ператварыцца ў свайго роду арганіку, — кажа галоўны аграном ААТ «Ражджэственскае-агра» Ганна Фінская. — Узнімаем зябліва яшчэ і для таго, каб разгрузіць работу ўвесну, калі на ўвесь комплекс працы можа не хапіць часу.
На гэтых палях плануем вясной пасеяць 800 гектараў яравых збожжавых і зернебабовых, аднагадовыя травы, і 500 гектараў зойме кукуруза.
У сельгасарганізацыі ўжо паднялі зябліва на плошчы 400 гектараў. Няшмат часу застаецца да халадоў, таму нельга яго губляць, неабходна максімальна якасна падрыхтаваць глебу пад будучы ўраджай.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.