Выдавецтва “Беларусь” адкрыла кніжную серыю “Беларуская класіка на рускай мове”

Выдавецтва адкрыла кніжную серыю “Беларуская класіка на рускай мове”. І адразу ў ёй пабачылі свет новыя пераклады прозы легендарнага беларускага пісьменніка. Такім чынам айчынныя  кнігавыдаўцы  распачалі падрыхтоўку   да  90-годдзя  Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, якое будзе адзначацца ў 2020 годзе.

Перакладчыкам твораў, што склалі зборнік аповесцяў “Ладдзя роспачы”, як і рамана “Каласы пад сярпом тваім”,  выступіў кандыдат філалагічных навук Пятро Жалняровіч, які працуе на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вось што ён піша ў  пасляслоўі да перакладу рамана:  “Выдадзены  на  беларускай  мове  ў 1968 годзе, раман да сапраўднага часу стаў хрэстаматыйным творам, які палюбілі  некалькі пакаленняў удзячных чытачоў. Пераклад рамана зроблены па новым  зборы твораў Уладзіміра Караткевіча. У тэкст вернуты выключаныя ў прыжыццёвых выданнях фрагменты, так што твор у нечым успрымаецца па-новаму. У любым выпадку чытанне гэтага рамана — зусім нялёгкая вандроўка па старонках дзеля адпачынку, складаная інтэлектуальная праца і суразвагі з аўтарам. Мяркуецца, у многіх выпадках ён, дзякуючы свайму таленту, робіць  чытача  сваім  аднадумцам”.

Яшчэ раней у адным з мінскіх выдавецтваў пабачыў свет і перакладзены Пятром Жалняровічам раман Уладзіміра  Караткевіча “Хрыстос  прызямліўся ў Гародні”.

Юбілей класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча (у лістападзе 2020 года — 90 гадоў з дня нараджэння пісьменніка) становіцца   добрай  нагодай  для перавыдання твораў легендарнага  празаіка,  паэта,  драматурга,  публіцыста,  перакладчыка. Завяршаецца  выданне   25-томнага збору твораў Уладзіміра  Караткевіча. Гэтым творчым праектам доўгія гады апякуецца выдавецтва “Мастацкая літаратура”. А ў выдавецтве “Беларуская  Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” рыхтуецца да друку персанальная энцыклапедыя “Уладзімір Караткевіч”,  дзе  пад адной вокладкай будуць сабраны сотні артыкулаў,  прысвечаных   жыццю  і   творчасці  класіка.

Алесь Карлюкевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *