На Пухавіччыне пачаліся «Каласавіны»
Па традыцыі ў лістападзе ў нашым раёне праходзяць “Каласавіны” — мерапрыемствы, прысвечаныя дню нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, які лічыў Пухавіччыну сваёй другой радзімай і праводзіў тут шмат часу. У гэтым годзе яны пачаліся з адкрыцця выставы “Таямніцы беларускай сялянскай хаты” ў мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея. Эпіграфам для яе сталі словы Коласа: “Добра мне тут, мне тут міла, родна ўсё і блізка. Тут хлябок мой, мая хата і мая калыска…”.
На выставе прадстаўлены рэчы з фондаў раённага краязнаўчага музея, якія можна было пабачыць у традыцыйнай сялянскай хаце ў канцы XIX — першай палове ХХ стагоддзя: прадметы побыту, адзенне, прылады працы.
У экспазіцыі няма стылізаваных пад даўніну навадзелаў. Усе рэчы, прадстаўленыя на выставе, — аўтэнтычныя, зроблены рукамі жыхароў нашага раёна. І, напрыклад, “гісторыю” адзення, ручнікоў, посцілак можна прасачыць ад поля: людзі вырошчвалі лён, апрацоўвалі яго, ткалі палатно, шылі адзенне, упрыгожвалі яго вышыўкай. Да нашых дзён захаваліся некаторыя імёны тых, хто ўсё гэта рабіў.
Так, ільняны пояс з узорам, вытканым шарсцянымі ніткамі, які выкарыстоўваўся для спавівання дзіцяці, належыў жыхарцы вёскі Дукора Наталлі Абразоўскай. Зроблены ён быў у 1908 годзе. Адзін з прадстаўленых на выставе ручнікоў у 1911 годзе выткала і ўпрыгожыла вышыўкай таксама жыхарка вёскі Дукора Вера Давыдоўская. Ільняную посцілку з рознакаляровым геаметрычным арнаментам выткала ў 1939 годзе Хрысціна Грэкава, а посцілку з ільняных, баваўняных і шарсцяных нітак — жыхарка вёскі Клятное Аляксандра Паддубоцкая ў 1959 годзе.
Прадстаўлены на выставе рэчы, які сёння дакладна нідзе болей, акрамя музея, не пабачыш. Гэта самаробная шчотка для расчэсвання валасоў са свінога шчаціння, гаспадарчы бязмен XIX стагоддзя, сявенька — прыстасаванне, якое ў сялянскай гаспадарцы ўжывалася для ручной сяўбы, і іншыя.
Аўтэнтычныя рэчы робяць выставу ўнікальнай. Там сапраўды можна здзейсніць падарожжа ў мінулае. А яшчэ ўявіць сабе побыт і герояў коласаўскай “Новай зямлі”, і тых сялян, у якіх гасцяваў на Пухавіччыне народны паэт.
Наталля ПАРХОМЧЫК.