Маленькія пухавіччане пазнаёміліся з беларускімі традыцыямі і культурай

Замест штодзённага адзення — нацыянальныя касцюмы, замест звыклай для дзяцей рускай мовы — беларуская. У яслях-садку №2 горада Мар’іна Горка прайшло незвычайнае мерапрыемства, падчас якога дзеці бліжэй пазнаёміліся з беларускімі традыцыямі і культурай.

У дэфіле беларускіх нацыянальных касцюмаў прынялі ўдзел другія малодшыя, сярэднія і старэйшыя групы.  Падрыхтоўкай касцюмаў займаліся бацькі, выхавацелі і іх памочнікі. Хлопчыкі і дзяўчынкі выступалі не толькі ў якасці мадэляў: кожны касцюм быў  прэзентаваны песняй, танцам або вершам. Выхаванцы старэйшых груп спявалі прыпеўкі, гулялі ў беларускую народную гульню “Рэдзька”.

 

— У нашым дзіцячым садку мы надаём вялікае значэнне захаванню нацыянальных традыцый. Каляды, Купалле, “Запрашаем на Багач” —  напярэдадні гэтых святаў мы праводзім тэматычныя тыдні, — расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Юлія Андрыянава. — З прыходам новага музыкальнага кіраўніка Марыны Мажар нашы мерапрыемствы сталі яшчэ больш яркімі і цікавымі.

Фінальным акордам дэфіле стала “беларуская полька”. Маленькія беларусы і беларусачкі перадалі свой бадзёры настрой  усім гледачам. Удзельнікі дэфіле ў якасці падарункаў атрымалі кнігі беларускіх паэтаў.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *