У дзіцячым садку гарадскога пасёлка Праўдзінскі прайшлі вячоркі
З даўніх часоў беларускі народ славіўся сваёй працавітасцю, весялосцю, сяброўствам. Пасля працы людзі збіраліся ў сялянскай хаце на вячоркі, дзе не толькі займаліся любімымі справамі, але і весяліліся ад усёй душы, у песнях, вершах праслаўлялі родны край, а таксама пераймалі ў старэйшых людзей тое, што завецца скарбам беларусаў.
Так і ў дзіцячым садку гарадскога пасёлка Праўдзінскі прайшлі вячоркі. З натхненнем да іх падрыхтоўкі падышлі выхавацелі старэйшай і рознаўзроставай груп, якія разам з музычным кіраў-ніком Вольгай Зайцавай падрыхтавалі імправізаваны куток беларускай хаты.
З вялікім задавальненнем дзеці, іх бацькі і госці спявалі песні, чыталі вершы на роднай мове, знаёміліся з беларускімі прыказкамі і народнымі дражнілкамі, гулялі ў гульню “Явар”.
Гаворка на вячорках ішла аб самых разнастайных рэчах.
Не абышлося і без сюрпрызаў. На вячоркі прыехалі госці: бабулі выхаванцаў, якія нарадзіліся ў Расіі і размаўляюць толькі на рускай мове. Як падарунак яны прынеслі на вячоркі песні, якія спявалі разам з унукамі.
Па водгуках бацькоў выхаванцаў дзіцячага сада, ім было цікава пабываць на вячорках, дзе іх дзеці размаўлялі на беларускай мове. Яны выказалі падзяку ўсяму педагагічнаму калектыву дашкольнай установы за выхаванне ў дзяцей патрыятычных пачуццяў, павагі да сваёй Радзімы, яе традыцый.
Таццяна ЮРКЕВІЧ.
Здымак аўтара.