Аматарская каманда “Алімпік” увайшла ў тройку лепшых
Чэмпіянат Пухавіцкага раёна па футболе завершаны. Пераможцам стала каманда “Дружны”. На другім месцы — “Ультра”. У тройку лепшых сёлета ўвайшла аматарская каманда “Алімпік”. Хлопцы заснавалі сваю каманду яшчэ ў 2017 годзе і самастойна развіваюцца ў футбольнай сферы. Ужо другі год запар яны становяцца бронзавымі прызёрамі чэмпіянату.
Каманда ўдзельнічае ў чэмпіянаце з-за асабістай цікавасці да футбола. Хлопцы не прафесіяналы, але ў іх ёсць трэнер, які па сумяшчальніцтве з’яўляецца іх сябрам. Перад кожным турам — трэніроўкі. Юнакі супернічаюць з камандамі, дзе футбалісты значна старэйшыя за іх па ўзросце, але гэта іх не спыняе. Наадварот, прымушае гуляць лепш і быць мацней за супернікаў. Не абыходзіцца ў каманды без паражэнняў, і гэта толькі стымул рухацца наперад.
Большую частку каманды складаюць выпускнікі сярэдняй школы № 2 горада Мар’іна Горка. Капітан і арганізатар яе — Раман Рагавенка, будучы палітолаг-юрыст. Сёлета па рашэнні суддзяў ён названы лепшым варатаром: прапусціў менш за ўсё галоў падчас матчаў.
“Алімпік” лічыцца аматарскай камандай, але хлопцы прымаюць удзел і ў выязных матчах. Арганізацыйнымі пытаннямі займаецца Анастасія Царукова, студэнтка 3-га курса БНТУ.
Каманда актыўна расказвае пра сябе ў сацыяльных сетках. Там “Алімпік” размяшчае анонсы гульняў, фотаздымкі з матчаў, каментарыі, ладзіць розныя розыгрышы.
У наступным годзе “Алімпік” зноў будзе змагацца за званне чэмпіёнаў раёна.
Таццяна ШАШОК.