Праўдзінская сярэдняя школа адзначыла  пяцідзесяцігоддзе

Тут помняць кожнага настаўніка і кожнага вучня.  Гэта было відавочна падчас святочнай вечарыны, якая адбылася з нагоды школьнага юбілею. “Гартаючы школьны альбом”  —  так назвалі святочную праграму вучні і настаўнікі школы, якія юбілей рыхтавалі разам.

Яны паставілі сваёй мэтай расказаць гасцям, якія таленавітыя  людзі былі звязаныя з навучальнай установай у мінулым, і як цікава  жывуць  у  яе  сценах зараз. У школьным фае  ўдзельнікаў свята чакала вялікая выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А ў святочнай зале з гонарам расказвалі пра тых, хто прыносіць школе перамогі ў разнастайных алімпіядах, конкурсах, спаборніцтвах. Бясспрэчны лідар у гэтым накірунку — настаўнік фізікі Артур Войстрыкаў, які на працягу многіх  гадоў разам са сваімі вучнямі займаецца навукова-да-следчай  дзейнасцю.

На святочнай вечарыне прагучалі імёны ўсіх, хто працаваў і працуе ў навучальнай установе. Прычым сярод сённяшніх настаўнікаў шмат выпускнікоў менавіта гэтай школы. І не толькі тут. Нават упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама ўзначальвае выпускнік Праўдзінскай школы Уладзімір Губарэвіч.

Цікавы факт: дзесяць выпускнікоў сталі афіцэрамі ўнутраных войск МУС.  У іх ліку Аляксандр Чэпік і Эдуард Міцкевіч. І яны перадалі навучальнай установе грамату, падпісаную камандуючым унутранымі войскамі МУС Рэспублікі Беларусь за вялікую работу па патрыятычным выхаванні вучняў.

Павіншаваць школу прыехаў генеральны дырэктар УП “Мінгаз” Вадзім Шалонік. Прадпрыемства шмат дапамагае навучальнай установе. І ў гэты дзень падарункам стаў сертыфікат на дзве тысячы беларускіх рублёў. А ад упраўлення па адукацыі, спорце і турызме школа атрымала мульціборд.

Сёння ў Праўдзінскай  сярэдняй школе  274  вучні, 31 педагагічны работнік і столькі  ж тэхнічных работнікаў. Яны ўмеюць дружна   працаваць  і  дружна адпачываць.

Наталля ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *