Падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў

На мехдрары ААТ «Голацк».

Ад таго, як  абслугоўваецца тэхніка і  ў  якім  стане яна знаходзіцца, у многім залежыць поспех гаспадаркі па выніках палявых работ. Гэтыя важныя  крытэрыі журы  таксама ацэньвала падчас раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні  машынных двароў, гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючых баз да работы ў зімовых умовах і машынна-трактарных паркаў  да палявых работ. Сёлета ў параўнанні з мінулым годам тройка лідараў крыху змянілася. 

— Стан машынных двароў і гатоўнасць базы сельгасарганізацый мы ацэньвалі па 26 паказчыках, — расказвае начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Дзяніс Шырокі. — Звярталі ўвагу не толькі на стан тэхнікі і добраўпарадкаванне тэрыторыі, але і бытавыя ўмовы для работнікаў.

Другі год лепшым  названы мехдвор ААТ “Голацк”. Яго можна лічыць узорным у нашым раёне: па выніках мінулага года мехдвор гаспадаркі заняў трэцяе месца ў рэспубліцы. Такога высокага ўзроўню яшчэ не дасягала ні адно сельгаспрадпрыемства Пухавіччыны.

На другім месцы, як і ў мінулым годзе, — мехдвор СУП “Дукора-Агра”.  Сёлета гэта гаспадарка будзе ўдзельнічаць у   рэспубліканскім  аглядзе-конкурсе, паколькі ААТ “Голацк” было ў ліку пераможцаў у мінулым годзе.

За  гэты  год  мехдвор  СУП  “Дукора-Агра ” прыкметна змяніўся.  Пабудавалі мойку для тэхнікі, усталявалі новыя адкатныя вароты і шлагбаум. Значна палепшыліся бытавыя ўмовы: адрамантавалі душавыя, пакой для прыёму ежы і  для адпачынку.

— Добрыя перамены за гэты год адбыліся  дзякуючы  нашаму кіраўніку Аляксандру  Славікоўскаму, — расказвае галоўны інжынер Аляксандр Барычэўскі. — Шмат грошай было выдзелена  на аднаўленне старой  тэхнікі.  Набылі  і  новую:  выдаткавана  300 тысяч рублёў. Нам пашанцавала  з інфраструктурай мехдвара: ёсць умовы для якаснага рамонту, уся тэхніка захоўваецца ў закрытых памяшканнях.

Рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі ў гаспадарцы завершаны. Пасяўныя агрэгаты адрамантавалі, пафарбавалі і ўжо паставілі на  лінейку гатоўнасці.

Навічок у тройцы лепшых мехдвароў раёна — сельгасфіліял “Дрычын”.  Тут значна палепшылася інфраструктура: паклалі асфальт, зрабілі пляцоўку для мойкі тэхнікі і для захоўвання шын і металалому.  Усе гэта ўдалося зрабіць дзякуючы дапамозе інвестара  —  ААТ “Мінскі  малочны  завод №1”.

— Згодна з рашэннем райвыканкама, па выніках агляду-конкурсу  з лепшага боку адзначаны таксама сельгасфіліял “Чырвоны май” і ААТ “Племянны завод “Індустрыя”, — працягвае Дзяніс Шырокі. —  Са свайго боку магу адзначыць добрую і якасную падрыхтоўку  ААТ “Агра-Абярэг” і сельгасфіліяла  “Светлая ніва”.

Вынікі  рэспубліканскага  конкурсу  будуць  падведзены  напрыканцы зімы.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *