Вырашаць праблемы вяскоўцаў

Тэлефон Вольгі Брусочкінай ведаюць усе жыхары аграгарадка Сяргеевічы. Не гараць ліхтары на вуліцы,  няма тэлефоннай сувязі або не вывозяць смецце — па самых розных пытаннях людзі звяртаюцца да суседкі.  Вольга  Сяргееўна не толькі актыўны чалавек, але і стараста аграгарадка. Другі раз яе выбралі  дэпутатам Навапольскага сельсавета.

Старастай  жанчына   стала нядаўна. Дагэтуль шмат гадоў гэтыя абавязкі выконваў Мікалай Сачышын. У Сяргеевічах Вольга Брусочкіна жыве больш за трыццаць гадоў, і гэты факт, безумоўна, дапамагае ў працы.

— Людзі мяне ведаюць, таму з імі прасцей мець зносіны. Разам з тым адчуваю адказнасць: хочацца ўсім дапамагчы вырашыць складаныя пытанні, —  гаворыць Вольга Сяргееўна.  — У Сяргеевічах пражывае больш за 300 чалавек. На лета прыязджаюць дачнікі, клопатаў становіцца больш.

Часцей за ўсё жыхары Сяргеевіч звяртаюцца да старасты з пытаннямі, звязанымі з жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Жанчына стараецца аператыўна звязацца з работнікамі камунальнага прад-прыемства і  як  мага  хутчэй  вырашыць  праблемы.

Сельсавет знаходзіцца ў Наваполлі — каля сямнаццаці кіламетраў ад Сяргеевіч. У кіраўніцтва сельвыканкама не заўсёды атрымліваецца прыехаць, таму стараста — надзейны  сувязны паміж  вяскоўцамі і  адміністрацыяй. Вользе Брусочкінай расказваць аб праблемах жыхароў прасцей, чым  іншым  старастам: яна на палову стаўкі працуе ў сельвыканкаме справаводам. Усё жыццё  Вольга Сяргееўна працуе з людзьмі: дагэтуль  25 гадоў была   бібліятэкарам   у   Сяргеевіцкай  бібліятэцы.

Стараста —  праца на грамадскіх пачатках. Звычайна на гэтую пасаду  прызначаюць уважлівага, адказнага і энергічнага чалавека. Вольга Брусочкіна з такой кагорты. Яна нікому не можа адмовіць у просьбе. Часта і ўвечары, пасля работы, ідзе да людзей. Ведае: абяцала прыйсці, і вяскоўцы чакаюць.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *