Сямігадовы жыхар раёна стаў прызёрам міжнародных спаборніцтваў па скалалазанні

Вольга Рак і Аляксей Нікагасян.


Напрыканцы мінулага года наша каманда па спартыўным скалалазанні прымала ўдзел у міжнародным турніры “MICROBLOCK BOULDER FEST 2019” у Маскве. Ён аб’яднаў лепшых спартсменаў з розных гарадоў Расіі. На спаборніцтвы накіравалася дзесяць пухавіччан, якія былі адзінымі прадстаўнікамі Беларусі.

Найбольш паспяхова турнір склаўся для Аляксея Нікагасяна. Хлопчык прайшоў сем трас з васьмі і ў фінале  заняў трэцяе месца.

Аляксей пачаў займацца скалалазаннем у чатыры гады. Разам з камандай станавіўся чэмпіёнам вобласці і рэспублікі. Медаль з міжнародных стартаў у яго скарбонцы — першая.

— На такім турніры ў красавіку мінулага года Лёша заняў шостае месца. Ён старанна трэніраваўся і палепшыў свой вынік, — расказвае трэнер Вольга Рак. — У фінал таксама прайшлі Кацярына Ганчарэвіч, Мікіта Сасноўскі, Максім Гаман, Павел Сацута, Павел Астапчык. Яны былі дастойнымі канкурэнтамі для астатніх спартсменаў. Хачу падзякаваць кіраўніцтву ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, раённага цэнтра турызму дзяцей і моладзі і бацькам маіх выхаванцаў за дапамогу ў арганізацыі паездкі.

Пухавіччане падчас турніру паспелі таксама патрэніравацца на лепшых скаладромах Масквы, дзе пастаноўкай трас займаюцца прафесіяналы сусветнага ўзроўню.

Яшчэ адна прыемная падзея  —  сустрэча з чэмпіёнам свету і дзеючым спартсменам Аляксеем Рубцовым. Для многіх ён з’яўляецца кумірам у спорце.

2019 год нашы землякі завяршылі ў званні абсалютных чэмпіёнаў вобласці. Пухавіцкія скалалазы лепшыя ва ўсіх трох дысцыплінах: цяжкасць, хуткасць і боулдэрынг.

Напярэдадні новага года Беларуская федэрацыя альпінізму падвяла вынікі. У намінацыі “Лепшы трэнер года” пераможцай стала наша зямлячка Вольга Рак.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *