Пухавіччанкі прынялі ўдзел у здымках навагодняй праграмы на тэлеканале «Беларусь 3»

Удзельніцы ансамбляў «Сяброўкі» і «Зарачанка» на здымках навагодняй праграмы.

Да Новага года творчая каманда Белтэлерадыёкампаніі заўсёды рыхтуецца загадзя.  Таму пра тое, якія сюрпрызы чакаюць тэлегледачоў у навагоднім эфіры, якія госці прыйдуць на святочныя перадачы, работнікі тэлерадыёкампаніі ведаюць задоўга да свята, але сакрэты нам не раскрываюць.  Невялікую інтрыгу ствараюць толькі рэкламныя сюжэты аб тым, што і дзе нам паглядзець. 

У адным з такіх ролікаў можна было ўбачыць спявачак з фальклорных ансамбляў “Сяброўкі” Дукорскага СДК і “Зарачанка” Блонскага СДК: яны прынялі ўдзел у праграме “Карагод у Новы год” на тэлеканале “Беларусь 3”. Гэты спектакль-канцэрт стаў галоўнай навагодняй перадачай, з якой Беларусь праводзіла стары год і сустрэла год новы.

Хтосьці,  напэўна,  прапусціў  Новы год з “Беларусь 3” і не пабачыў дэбюта нашых зямлячак. Не турбуйцеся! Не перажывайце!  Канцэрт  можна  будзе пабачыць у паўторы на Каляды, 7 студзеня.  Значыць, час запланаваць прагляд гэтай навагодняй праграмы яшчэ ёсць.

— Мне б хацелася адзначыць, што калектывы Пухавіччыны “Зарачанка” і “Сяброўкі” не толькі принялі ўдзел у запісе нумароў навагодняй праграмы, але і сталі яе вядучымі.  Прычым адпрацавалі на здымачнай пляцоўцы на ўсе сто працэнтаў.  Дзякуючы прафесійнасці, невычэрпнай энергіі, творчаму патэнцыялу, нашы жанчыны зрабілі працэс запісу праграмы лёгкім,  хуткім  і цікавым, —  адзначае арганізатар і рэжысёр фальклорнай часткі праграмы Ігар Краўчанка. — Гэтыя артысты — сапраўдны навагодні падарунак і для здымачнай каманды, і для гледачоў.

У канцэрце “Карагод у Новы год” у сучаснай аранжыроўцы прагучалі (і прагучаць 7 студзеня!) беларускія народныя песні.  Гэтыя кампазіцыі больш за сем гадоў збіраліся ў розных кутках Беларусі камандай праекта “Наперад у мінулае”. Для  старых  унікальных песень спецыяльна напісана сучасная аранжыроўка, і яны набылі другое  жыццё.  У навагоднюю ноч сучасныя варыянты  выканалі любімыя артысты і народныя калектывы, сярод якіх былі і  два  пухавіцкія.

Рэжысёр Ігар Краўчанка.

— Запрашаючы на ролю вядучых самадзейныя калектывы, а не прафесіяналаў, мы з выканаўчым прадзюсарам тэлеканала “Беларусь 3” Дзмітрыем Карасём некалькі рызыкавалі:  невядома, як пайшлі б здымкі,  наколькі  б  яны  маглі  зацягнуцца з-за колькасці дубляў,  — расказвае Ігар Краўчанка. — Але  пухавіччанкі аказаліся настолькі творчымі, артыстычнымі,  энергічнымі, што практычна ўсе эпізоды былі адыграны і запісаны з першых дубляў.  Напэўна, нават з прафесіяналамі запіс праграмы не мог быць карацейшым.  Дзякуй удзельніцам ансамбляў за іх працу, вынік якой, спадзяюся, ацэняць усе пухавіччане.

Кіраўнік фальклорных ансамбляў Алена Петрусенка  прызнаецца,  што,  нягледзячы  на  існуючы ўжо вопыт выступлення ў тэлевізійных праграмах, запрашэнне прыняць удзел у галоўным навагоднім праекце тэлеканала “Беларусь 3” стала для жанчын сюрпрызам.  Пагадзіліся, праўда, адразу, таму што любы новы   вопыт  заўсёды  цікавы.  Але, прызнаюцца, потым вельмі хваляваліся,  адчуваючы   вялікую  адказнасць.

— Атмасфера на здымках  была добразычлівая,  нас падтрымлівалі, дапамагалі ва ўсім, — гаворыць Алена Петрусенка. — І мы вельмі стараліся не падводзіць здымачную каманду.  Усе нашы спявачкі аказаліся добрымі артыстамі.  І спектакль, дзе ў нас была галоўная роля — роля гаспадынь, да якіх прыходзяць госці, спадзяюся, атрымаўся добрым.  Ва ўсякім разе, кіраўніцтва тэлеканала нам дзякавала за працу.

Навагодні “Карагод у Новы год” абавязкова запомніцца не толькі ўдзельніцам ансамбляў, але і іх родным і блізкім.  І ў астатніх пухавіччан таксама ёсць падстава для гонару: калі такое было,   што  ўся  Беларусь  разам з каналам “Беларусь 3” правяла стары  год  і  сустрэла  новы ў  кампаніі выдатных  пухавіцкіх фальклорных   калектываў?!

 

 

Алена   ІВАНОВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *