Моладзь прапануе: у Мар’інай Горцы прайшоў Пленум Мінскай абласной арганізацыі БРСМ
Ушанаваць у Мар’інай Горцы імя кампазітара Ігара Лучанка — з такой ініцыятывай выступіла моладзь на VIII Пленуме Мінскай абласной арганізацыі БРСМ. Ен прайшоў на гэтым тыдні ў Мар’інай Горцы.
Месцам правядзення Пленума стала антыкафэ “FULL HOUSE” у раённым цэнтры культуры. У новым фармаце і неафіцыйнай абстаноўцы мерапрыемства прайшло ўпершыню. Такое новаўвядзенне ўсім прыйшлося даспадобы.
З дакладам выступіў першы сакратар Мінскай абласной арганізацыі БРСМ Кірыл Шык. Ён падвёў вынікі дзейнасці раённых арганізацый БРСМ за мінулы год. Адным з асноўных накірункаў дзейнасці саюза моладзі з’яўляюцца студэнцкія атрады. Яны даюць магчымасць маладым людзям не толькі зарабіць свае першыя грошы, але і паспрабаваць сябе ў розных прафесіях. Моладзь актыўна праявіла сябе летам у працы: у вобласці было арганізавана 168 студатрадаў. Было працаўладкавана больш за 1760 чалавек.
Увагу на Пленуме звярнулі на валанцёрскі рух, патрыятычнае выхаванне моладзі, праектную дзейнасць і праект “100 ідэй для Беларусі”. Актывістам БРСМ уручылі граматы.
Ад імя кіраўніцтва Пухавіцкага раёна гасцей вітала намеснік старшыні райвыканкама Наталля Чарнышова. Яна расказала моладзі пра брэнды раёна і пра людзей, якімі ганарыцца Пухавіччына. Адным з такіх з’яўляецца кампазітар Ігар Лучанок. Кіраўніцтва раёна падтрымала ініцыятыву моладзі. У бліжэйшы час імя Ігара Лучанка будзе ўшанавана ў нашым горадзе. Гэта стане сімвалічнай падзеяй у год малой радзімы.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.