Праца ў аўральным рэжыме: Віктару Гутару часта даводзіцца супрацьстаяць непагадзі

Што такое аўральны рэжым  работы, вадзіцель пагрузчыка УП «Жылцепласэрвіс» КГ Віктар Гутар ведае вельмі добра, таму што праца ў камунальнікаў залежыць ад многіх абставін. Ліквідаваць аварыйныя сітуацыі на цеплатрасах, напрыклад, прыходзіцца як у начны час, так і ў святы. І дарогі ад снегападаў у сезон неабходна чысціць ледзь не круглыя суткі.

— А бывае і больш, — усміхаецца Віктар Яўгенавіч, успамінаючы пакуль, на шчасце, самы экстрэмальны дзень у працоўнай біяграфіі — дзень, калі ў Беларусі панаваў ураган «Хаўер». — Тады важна было не проста расчысціць трасы —  трэба было ў прамым сэнсе ратаваць людзей, якія аказаліся ў снежным палоне, пракладваць дарогі машынам экстраных службаў. Калі я ў той дзень выязджаў з парку, то і не ўяўляў, што мяне літаральна «страцяць» аж на двое сутак: батарэя ў тэлефоне разрадзілася, сувязі не было, як і магчымасці вярнуцца на базу. Рашэнні прымаліся на месцы… Тады многія “заступілі” на суткі, змагаючыся са стыхіяй.

Цяперашняй зімой свой пагрузчык на расчыстцы дарог Віктар Яўгенавіч амаль не задзейнічаў: надвор’е не патрабавала. А вось у кар’еры на загрузцы пяску працаваў ад відна да цямна. За дзень два пагрузчыкі камунальнага прадпрыемства загружалі да 30 машын. Нетыповая для зімы праца, згадзіцеся, але менавіта за ёй  Віктара Гутара я і застала. Праўда, весці доўгія размовы ўсё адно часу не было: з кар’ера з’ехалі дзве машыны, але на змену прыбылі дзве новыя…

— Віктар Яўгенавіч вельмі працаздольны і адказны работнік, — кажа намеснік генеральнага дырэктара УП «Жылцепласэрвіс» КГ Ірына Зянько. — Ён ніколі не лічыцца з асабістым часам і любую пачатую справу даводзіць да канца  прафесійна. Тэхніку заўсёды ўтрымлівае ў добрым стане. Пры неабходнасці можа самастойна выконваць рамонтныя работы. Менавіта таму ў свой час Віктару Яўгенавічу даверылі новы пагрузчык, які і сёння не падводзіць вадзіцеля.

Быць прыкладам у працы для іншых Віктар Гутар спецыяльна не імкнецца — ён проста адказна робіць даручаную справу на любым участку. Напэўна, інакш і не змог бы…

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *