Квэст над Свіслаччу. Які лёс чакае паўразбураны мост у Пухавіцкім раёне

Жыхары вёскі Яснаўка Пухавіцкага раёна занепакоены: мост цераз раку Свіслач, якая цячэ адразу за населеным пунктам, —  у аварыйным стане. Пераходзіць па ім небяспечна. Але мясцовыя ўлады сцвярджаюць, што ёсць альтэрнатыўныя спосабы пераправы. Каб даведацца, што насамрэч адбываецца з мостам у Яснаўцы, карэспандэнт МЛЫН.BY адправіўся ў Пухавіцкі раён.

Прайсці і не зваліцца

Візуальна мост выглядае яшчэ горш, чым можна ўявіць. Здаецца, што ён вось-вось абваліцца. Пакуль пераходзіў па ім  на другі бераг, увесь час здавалася, што звалюся ў ваду. Перад тым як поўнасцю ступіць на чарговую дошку, прыходзілася правяраць яе на трываласць — сапраўдны квест. Як тут ходзяць людзі?

Мясцовая жыхарка Ніна Лашнец памятае яшчэ даваенныя часы і кажа, што першы мост будавалі ў 30-я гады. Па ім ездзілі і на конях, і на трактарах. Дарэчы, рэшткі паляў і сёння тырчаць з вады. Калі ўзводзілі новы мост за 50 метраў ад старога — дакладна невядома. Версіі розныя: хтосьці гаворыць, што будавалі яго немцы, іншыя расказваюць, што ўжо пасля вайны.

Пытаюся, куды вядзе дарога за мостам і навошта ён вяскоўцам. Тамара Друзік адзначае, што за ракою поле эксперыментальнай базы «Зазер’е» і лес, у які ходзяць усе жыхары Яснаўкі.

— Калісьці мы хадзілі туды ў грыбы і ягады ці проста на адпачынак. Зараз, каб туды трапіць, трэба ісці некалькі кіламетраў да найбліжэйшага моста ў суседняе Зазер’е. Калі наш мост быў у добрым стане, усе калгасныя машыны і трактары вазілі па ім і сена, і кукурузу, а не ў аб’езд, — узгадвае Тамара Васільеўна. І ўдакладняе: — Жыхары Яснаўкі гатовы ўкласці ў рамонт нават уласныя грошы.

— У нас дружная вёска. Прыкладна год таму прывезлі да ракі бярвёны для будаўніцтва. Дык яны дагэтуль тут і ляжаць. Нам бы транспарт, каб выканаць усе работы, — гаворыць жанчына.

Няма на балансе

Да найбліжэйшага моста, у суседнюю вёску, трэба прайсці некалькі кіламетраў. Таму зразумець людзей, асабліва сталага веку, можна. Але ў Голацкім сельсавеце, да  якога адносіцца Яснаўка, разводзяць рукамі: моста няма на балансе ні ў адной службы ці арганізацыі.

— На балансе ў сельсавета моста таксама няма. Асабіста я не супраць, каб там была пераправа, і людзей разумею, — падкрэслівае старшыня  сельсавета Віктар Малуха. — З другога боку, хто яго возьме  на баланс, калі праз некалькі кіламетраў ёсць магчымасць перайсці на процілеглы бераг? Мост у Яснаўцы і сцежка ад яго, па сутнасці, нікуды не вядуць: за ракою поле сельскагаспадарчага прадпрыемства, лес і садовае таварыства. Дапусцім, па мосце пачне ездзіць сельскагаспадарчая тэхніка, дык вяскоўцы будуць абурацца: ад яе пыл, смецце, шум. Да таго ж для сучаснай шматтоннай тэхнікі драўляным мостам не абмяжуешся. Каб штосьці будаваць, трэба рабіць праект. А гэта грошы. І мы яшчэ не пачалі лічыць, колькі сродкаў спатрэбіцца на будаўнічыя матэрыялы і аплату працы.

Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Пухавіцкага райвыканкама Таццяна Сілівончык паведаміла, што  выканкам атрымаў электронны зварот, у якім апісалі ўсю сітуацыю. Склаў яго заяўнік, які жыве ў Мінску, а да звароту былі прымацаваны электронныя адрасы жыхароў сталіцы.

— Зварот мы разгледзелі. Я і прадстаўнік Голацкага сельвыканкама выехалі на месца. Зрабілі фатаграфіі. Драўляны мост цераз раку Свіслач каля вёскі Яснаўка зараз разбураны. Ніхто дакладна не ведае, хто яго будаваў, — апісала сітуацыю Таццяна Сілівончык.

І падкрэсліла, што ён  не знаходзіцца і ніколі не знаходзіўся ні на чыім балансе,  не ўваходзіць у транспартную інфраструктуру Пухавіцкага раёна і не звязаны з аўтамабільнымі дарогамі мясцовай дарожнай сеткі.

— Аднаўляць драўляны мост за кошт сродкаў райвыканкама ніхто не будзе. Няма ніякай мэтазгоднасці выдаткоўваць немалыя грошы на праектаванне і будаўніцтва як моста, так і пад’язной аўтамабільнай дарогі, — гаворыць Таццяна Сілівончык. — Тым больш тэрыторыя на процілеглым беразе належыць сельгаспрадпрыемству. Скарачэнне зямель сельскагаспадарчага прызначэння — працэдура, якая павінна быць эканамічна абгрунтаванай. Згодна з законам трэба распрацоўваць праектна-каштарысную дакументацыю. І павінна быць падстава для таго, каб пабудаваць новы мост.

Сяргей Саланкевіч, https://www.mlyn.by/

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *