З гаспадарчым падыходам: Віталь Казак дасягнуў высокіх вынікаў у жывёлагадоўлі
Віталь Казак, жывёлавод сельгасфіліяла “Дрычын”, гаспадарыць у самым вялікім памяшканні на малочнатаварным комплексе “Новае сяло”. Гэта памяшканне разлічана на 400 галоў. Цяпер у ім утрымліваецца 380 цялят ва ўзросце ад 6 да 8 месяцаў і бычкі на дарошчванні.
Працоўны дзень у Віталя Віктаравіча пачынаецца ў сем гадзін раніцы. Да самага вечара ён завіхаецца ў клюшачніку. Раздаць кармы, навесці парадак — спраў хапае. Відаць, што мужчына — сапраўдны гаспадар: чысціня ўсюды.
На такі клопат адклікаецца і жывёла. Сярэднесутачныя прывагі цялят у сярэднім складаюць больш за 900 грамаў. Гэты высокі паказчык удаецца захаваць і ў зімовы перыяд за кошт збалансаваных якасных кармоў. Цяпер у рацыёне цялят — сілас і сянаж, соль, мука і камбікорм.
— Да арміі я працаваў на гэтым жа комплексе: даглядаў дойны статак. З цялятамі працую апошнія два гады, — расказвае Віталь Казак. — На некаторы час сферу дзейнасці мяняў, але вярнуўся ў сельгасфіліял. Мне падабаецца гэта работа. Дома таксама трымаем гаспадарку. З маленства я дапамагаў бацькам на ферме.
Дарэчы, маці Алена Няборская — брыгадзір МТК “Новае сяло”, жонка Віталя Кацярына — яе памочніца.
— Калі заўважаю, што жывёла захварэла, стараюся аператыўна выклікаць ветурача. Здароўю цялят — першасная ўвага, — працягвае Віталь Казак. — Прыемна бачыць, што наш малочнатаварны комплекс развіваецца. Цяпер тут вядзецца будаўніцтва новай даільнай залы. Гэта сведчыць пра добрыя пер-спектывы і для гаспадаркі, і для яе работнікаў.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.