Прошла областная спартакиада работников АПК

Тры дні ў Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы праходзіла абласная спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу. Удзел у ёй прынялі 22 каманды, а гэта 350 чалавек. Адміністрацыя каледжа арганізавала выдатныя ўмовы пражывання. Харчаваннем удзельнікі спартакіяды засталіся задаволены, спадабалася і спартыўная база аграрна-тэхнічнага каледжа.

Гэта была пятая абласная спартакіяда. Дарэчы, і першая таксама праходзіла тут.

Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Людміла Васільеўна Арэхоўская сустракала кожную каманду святочным караваем. І гэта адразу стварала святочны настрой. Галоўная ж мэта, якую ставілі перад сабой арганізатары спартыўнага свята, — даць магчымасць людзям паўдзельнічаць у розных спартыўных спаборніцтвах, атрымаць асалоду ад стасункаў з новымі сябрамі, урэшце рэшт, адпачыць. І на думку гаспадароў спартакіяды, у іх гэта атрымалася. Таму што апрача спартыўных спаборніцтваў, удзельнікі спартакіяды маглі пакаштаваць шашлыкоў, наталіць смагу халодненькай мінералкай і марожаным. Працаваў выязны гандаль райспажыўтаварыства, прыватных прадпрымальнікаў.

Але, вядома ж, эпіцэнтр спартыўнага дзейства быў на пляцоўках. Каманды раёнаў Міншчыны змагаліся за першынство па міні-футболе, валейболе, настольным тэнісе, гіравым спорце, шматбор’і “здароўе”, перацягванні каната, дартсе.

Аграрна-тэхнічны каледж выставіў сваю каманду па міні-футболе. Нашы хлопцы паказалі нядрэнную гульню.

Інжынер-хімік ААТ “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў” Вольга Алейнік удзел у абласной спартакіядзе работнікаў АПК брала не першы раз. Ей прадстаяла паказаць сваё майстэрства ў настольным тэнісе. Вольга, вядома ж, займаецца тэнісам як аматар. На прадпрыемстве ёсць спартыўная зала і тэнісны стол. У абедзены перапынак яна любіць узяць у рукі ракетку і згуляць партыю з кім-небудзь з калег. Спорт, па словах Вольгі, і дысцыплінуе, і надае сілы. І наогул, дапамагае трымаць цела ў форме.

Пэўна ж, з ёй мог бы пагадзіцца кожны ўдзельнік спартакіяды. Непрафесіяналы ў любым відзе спорту, маладыя хлопцы і дзяўчаты, яны ў асноўным прадстаўлялі свае раёны, вельмі шчыра і настойліва стараліся ўхапіць за хвост сваю спартыўную ўдачу. Аднак у спорце перамагае мацнейшы. На пятай, юбілейнай, спартакіядзе па агульнай суме балаў лепшай аказалася каманда з Барысава, другое месца ў нашых суседзяў — каманды Чэрвеньскага раёна, а трэцяе заняла каманда з Маладзечна.

Усе тры каманды атрымалі грашовыя прэміі і граматы. Астатнія ўдзельнікі спартакіяды — добры настрой і новых сяброў.

Дарэчы, канцэрт артыстаў раённага цэнтра культуры, вясёлыя дыскатэкі пакінулі ў сэрцы не менш салодкіх успамінаў і добрых эмоцый.

Здаецца, ніхто і не развітваўся, пакідаючы гасцінную пухавіцкую зямлю. Усе казалі: “Да сустрэчы!”

Анна ЯБЛОНСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *