Убирают лен

Як толькі спала раса, на льняные палеткі паблізу вёскі Падбярэжжа вывелі льноўборачныя камбайны механізатары філіяла “Пухавічы” ААТ “Валожынскі льнокамбінат”. Першымі “ўрэзаліся” ў льняны масіў льнокамбайнамі ЛК-4А Канстанцін Шавель і Андрэй Яфрэмаў. Не марудзячы, за імі пайшлі ўборачныя экіпажы Рамана Кепеця, Андрэя Сасіноўскага і Івана Кораня. Ільноворах (абабітыя галоўкі лёну) па транспарцёры адразу ж трапляе ў прычэп, які ідзе ў счэпе з трактарам і льнокамбайнам. Поўны прычэп механізатар адвозіць да месца абмалоту галовак. Абмалочвае льноворах збожжаўборачным камбайнам “Дон-1500” Аляксандр Мудракоў. Ен адрэгуляваў належным чынам малацільны агрэгат, старанна ўшчыльніў месцы магчымай уцечкі льносемя і навесіў на камбайн падборшчык. Адвозіць льносемя на напольную сушылку, якая ўстаноўлена на тэрыторыі льнозавода, вадзіцель Павел Вейкалайнен. Яго ЗіЛ-130 паспеў зрабіць за дзень уборкі тры рэйсы і перавезці каля 10 тон ільносемя. У тых мясцінах, дзе лён палёг, альбо вырас кароткі, з ільноцерабілкай ТСЛ-1,5 прайшоў механізатар Валерый Люнічаў. Праз два дні на 59-гектарным полі пад Падбярэжжам засталіся толькі роўненькія стужкі рассцеленай льносаломкі. Яна праляжыць пад жнівеньскімі росамі 2-3 тыдні, памяняе свой колер з жоўтага на шэры і пераўтворыцца ў льнотрасту. — Мы атрымліваем з гектара па 30 цэнтнераў льносаломкі і па 3 цэнтнеры льносемя, — расказвае галоўны аграном філіяла Н.У. Фядосава. — У гэтыя дні актыўна праводзім дыягностыку пасеваў лёну. Калі лён дасягае ранняй жоўтай спеласці, ён гатовы да ўборкі, і мы накіроўваем туды ўборачны атрад. З Падбярэжжа пераедзем да Міжрэчча. Тут паспеў лён на 170-гектарным участку. Наступным будзем убіраць лён ва ўрочышчы Беразнякі паблізу Гарэльца. Аптымальнымі тэрмінамі ўборкі лёну, як і збожжавых, лічацца 20 дзён. І завадчане нацэлены на гэты тэрмін. А каб убраць усе 714 гектараў лёну своечасова, уключаюць у работу яшчэ два льнокамбайны КЛС-3,5. Яны ўжо сталага ўзросту, але ва ўмелых клапатлівых руках механізатараў Сяргея Агейчыка і Віктара Еўсіевіча яшчэ папрацуюць у час сёлетняй уборкі “паўночнага шоўку”. Браніслаў ЯБЛОНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *