Практычна ўсё збожжа новага ўраджаю было своечасова дапрацавана, адпраўлена на дзяржаўныя хлебапрыёмныя пункты, ці засыпана ў насенныя засекі і на фураж

Па стане на 31 жніўня гаспадаркі нашага раёна намалацілі 80 тысяч тон зерня, што на 18 тысяч тон больш, чым было намалочана на гэтую дату летась.

Практычна ўсё збожжа новага ўраджаю было своечасова дапрацавана, адпраўлена на дзяржаўныя хлебапрыёмныя пункты, ці засыпана ў насенныя засекі і на фураж. Нягледзячы на перыядычныя дажджы, не было дапушчана празмернага запаўнення пляцовак на збожжатаках, псавання ўраджаю.

Расказвае начальнік аддзела па тэхнічным забеспячэнні ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама В.М. ЦЕРАХАЎ:

— Мы прааналізавалі аператыўныя зводкі сельгасработ на 31 жніўня, калі закончыўся перыяд масавай уборкі збожжавых. Намалоты гаспадарак параўналі з дасягненнямі перадавых машыністаў зернесушыльных комплексаў. 7 гаспадарак, дзе на комплексах дапрацавана па тысячы і больш тон зерня, узначальваюць раённую зводку і па валавых намалотах. Яно і зразумела, што ў сельгасфіліяле “Омельна”, дзе намалочана каля 900 тон збожжа, больш не дапрацуеш. У той жа час яшчэ дзесяць гаспадарак намалацілі ад дзвюх да трох тысяч тон. І ў машыністаў зернесушыльных комплексаў была магчымасць выйсці на рубеж у тысячу тон.

У акцыянерным таварыстве “Голацк” своечасова быў падрыхтаваны да прыёму новага ўраджаю КЗС-30. Але ў першыя дні эксплуатацыі выйшла са строю аўтаматыка. Яе давялося аператыўна рамантаваць. Але ўжо ў наступныя дні Аляксандр Хадыка і Міхаіл Прохарчык навярсталі ўпушчанае. Работа КЗС была арганізавана кругласутачна, загрузка і выгрузка шахты вялася на працягу 1-2 гадзін. А рэжым работы механізмаў кантралявалі пры дапамозе камп’ютара. Таму і дапрацавалі 7010 тон збажыны. Гэта самы высокі паказчык у раёне.

Новы ЗСК-40, які быў запушчаны ў эксплуатацыю ў ААТ “Агра-абярэг” у канцы мінулага сезона, сёлета паспяхова асвоілі машыністы А.М. Галка і А.Д. Агейчык.

Таксама працавалі ў дзве змены. Дзейнічала і гарантыя на агрэгат, якая дазволіла адрамантаваць яго бясплатна.

А вось у ПСУП “Дукора-агра” комплекс М-819 быў устаноўлены ў 1986 годзе. Але машыністы Валянцін Лазко і Сяргей Бялко да жніва рыхтавалі яго асабліва старанна. Таму прастояў па тэхнічных прычынах у час жніва амаль не было.

На ЗСК-30 у ААТ “Вецярэвічы” машыніст Павел Меркуль дапрацаваў 2500 тон збожжа. Адметнай асаблівасцю гэтага комплекса з’яўляецца тое, што ўжо 5 гадоў працуе ён на мясцовых відах паліва, што значна зніжае затраты па дасушванні.

У эксперыментальнай базе “Зазер’е” машыністы СЗШ-10 Віктар Дабрынеўскі і Мікалай Сямейка дапрацавалі 880 тон збожжа. Валавы намалот гаспадаркі дазваляў узяць і тысячны рубеж. Але ж “Зазер’е” спецыялізуецца на насенняводстве збожжавых, і зерне патрабуе дадатковай і больш далікатнай апрацоўкі. Таму і былі задзейнічаны тут усе тры сушыльныя агрэгаты.

У сярэдзіне жніўня завяршыўся мантаж новага зернесушыльнага комплекса “ЗСК-40” у КСУП “Чырвонагвардзейскі”. На ім пачалі працаваць Яўген Сірко і Алег Макара. Яны дапрацавалі 2160 тон збожжа. У новым сезоне ў машыністаў комплекса ёсць рэальныя магчымасці ўзяць і больш высокі рубеж.

Магчымасць павысіць выпрацоўку зернесушыльных агрэгатаў (а іх у раёне налічваецца 40) ёсць практычна ў кожнай гаспадарцы. Дзеля гэтага патрэбны вопытныя кадры, своечасовы і якасны рамонт агрэгатаў і ўмелая арганізацыя працы. Другая змена на збожжатаках павінна быць такой жа паўнацэннай, як і першая.

Запісаў

Браніслаў ЯБЛОНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *