Сегодня — День семьи. Секретом своего семейного счастья с нами делится семья Хвостовых

Напярэдадні Дня жанчын Прэзідэнт Беларусі ўручыў Алене Хвастовай ордэн Маці.

— Каб вы толькі ведалі, як я хвалявалася перад паездкай! — нанова перажываючы тыя радасныя хвіліны жыцця, успамінае Алена. — Нас было некалькі жанчын з Мінскай вобласці і дзве з Пухавіцкага раёна. Аказалася: я самая маладая сярод  іх.

У Алены і Уладзіміра Хвастовых два сыны і тры дачушкі. У Дукору вялікая сям’я Хвастовых пераехала з Гомельшчыны на пастаяннае месца жыхарства ў 2001 годзе.Такім, як Хвастовы, у гаспадарцы рады. Працалюбівыя, талковыя бацькі і іх дзеці адразу заваявалі павагу.Леначка за будучым мужам таксама прыехала сюды. За плячыма быў кулінарны тэхнікум, праца кандытарам. Усё гэта яна лёгка памяняла на жыццё ў вёсцы і на рай у шалашы з каханым. Калі сур’ёзна, то як толькі Алена і Валодзя пабраліся шлюбам, тут, у Дукоры, ім адразу выдзелілі жыллё: два пакоі ў самым цэнтры вёскі. У тых пакоях і гадаваліся іх дзеткі: Наташка, праз паўтара года нарадзіўся Мішка, яшчэ праз год Косця. Калі доктар аб’явіў Алене, што ў яе будзе яшчэ і двойня, яна не стрымала слёз. А Валодзя танцаваў ад шчасця. Пра мужа Аленачка кажа з замілаваннем закаханага чалавека. Ен узваліў на плечы свае (а яны ў яго сапраўды дужыя) палавіну яе клопатаў. Каля пліты ўпраўляецца не горш за яе. Прыгатуе і суп, і боршч, і катлеты —  пальчыкі абліжаш. І пірог спячы майстар.Летась Хвастовы перасяліліся ў новы дом у Цяністым завулку. У доме прыродны газ, вада. Усе выгоды. І хоць каля хаты быў нявораны дзірван, паспелі вырасціць сваю гародніну, пасадзіць кусты маліны і першыя пладовыя дрэўцы. А самае галоўнае:  тут  з’явілася магчымасць трымаць жывёлу. Ужо на зіму запоўнілі маразілку мясам курэй-бройлераў, закалолі кабанчыка. У хляве яшчэ чатыры парсюкі. Гаспадарка, ПСУП “Дукора-агра”, парасят прадала Алене ў  лік зарплаты. Яна працуе дзённым вартаўніком на МТФ “Красніца”. На гэтай жа ферме працуе даяркай і свякроў Любоў Хвастова. Леначка лічыць яе сваёй мамай, бо родная мама памерла, калі яна была яшчэ дзіцем. Алена ўдзячна кіраўніцтву гаспадаркі за разуменне, падтрымку. Вядома ж, яна маладая і дужая, магла б працаваць і  даяркай,  але  тады  б  не  мела магчымасці  раніцай  адправіць дзяцей у школу, а сваіх двайнятак —  Кацярынку і Віку — у дзіцячы садок. Дзённая праца на ферме дазваляе ёй спраўляцца з усёй работай дома.Дом, у якім цяпер жывуць Хвастовы, стаіць у самым канцы завулка, за алеяй высачэзных ліпаў. Алена не нарадуецца новаму месцу жыхарства. Зараз у яе няма страху за дзяцей. Гуляюць каля  дому  на  поплаўчыку. Сюды рэдка заязджаюць машыны. Раздолле! Дзеці ўсіх пакінутых катоў, сабак на сядзібу цягнуць. Шкадуюць, кормяць. Яна не сварыцца. Няхай вучацца адказнасці за жыццё жывой істоты.Наваселле Хвастовы справілі, але пра ўласнае жыллё  думкі  не  пакідаюць. У   сельскім  Савеце  ім   выдзелілі ўчастак зямлі. Ужо паспелі зманціраваць  падмурак. Алена рада, што такім шматдзетным сем’ям, як   іх,  дзяржава  аказвае  сур’ёзную падтрымку. І дзякуючы гэтай падтрымцы, яны і вырашылі пабудаваць уласны дом у два паверхі. У доме, які  выдзеліла гаспадарка,  тры пакоі. І,  вядома ж, на сем чалавек гэтых пакояў мала.

— Муж хоча трымаць вялікую гаспадарку, пабудаваць лазню. Гэта ж здорава —  памыцца з венічкам, — лятае недзе далёка ў салодкіх марах Аленачка. Хаця, чаму ў марах? Яны ўжо на шляху, каб увасобіць іх у жыццё.Маладыя Хвастовы з катэгорыі тых, хто не любіць прасіць і скардзіцца. Нашы дзеці — наш клопат. Для Наталлі і Косці купілі піяніна. Дзеці, здаецца, сур’ёзна захапіліся музыкай і наведваюць музычную школу па класе фартэпіяна. Мішу тата паабяцаў баян купіць. Ен такі, іх тата. Паабяцае — зробіць. Працуе ён у Дукоры ў прыватнай фірме, але на час водпуску шчыраваў даглядчыкам на ферме, на якой працуюць мама і жонка.

— У нас ёсць усё для жыцця: два тэлевізары, маразільная камера, халадзільнік, мікрахвалёвая печ, пральная машынка, два веласіпеды, — весела пералічвае Алена.

Веласіпед  ёй патрэбны, каб скараціць час хады да фермы. Пешшу трэба дабірацца 40 хвілін. Машына пакуль  не  ўваходзіць  у  іх  планы,  хоць  яна  і  вельмі  патрэбна, але дарагое гэта задавальненне.Я прыйшла да Хвастовых ў мацярынскі дзень. Гэта дзень, які выдзяляецца Алене для ўласных спраў. І дома было ціха. Дзеці на ўроках, муж на рабоце. Адзін Косцік толькі што вярнуўся са школы. Забег на кухню, адваліў з талеркі кавалак пірага.

— Гэта ўчора наш тата прыгатаваў, — хваліць яшчэ раз кулінарны талент мужа Аленачка.

І  хваліцца новаю канапай на кухні. Цяпер за сталом месцяцца ўсе сем “я”, калі збіраюцца вячэраць. Вуглавую канапу яны купілі за тую прэмію, якую атрымала Алена разам з ордэнам. Вядома ж, частку грошай яна, як клапатлівая маці, пакінула на іншыя расходы. Жыць па сродках — гэта таксама прынцып сям’і, але каб у дзяцей было ўсё неабходнае: гэта ўжо не прынцып, а залатое правіла сям’і Хвастовых.А тым часам Канстанцін, не гуляючы ні хвілінкі, раскладваў нотны сшытак, сеўшы за піяніна. І жывыя, нясмелыя гукі напоўнілі дом. Мама задаволена ўсміхнулася. Як добра, калі жыве музыка і ў душы.

Анна ЯБЛОНСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: Алена і Косця Хвастовы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *