ААТ “Голацк” вызначылі ў ліку лепшых ў рэспубліцы
Кожны дзень раніцай дырэктар і галоўныя спецыялісты ААТ “Голацк” сустракаюцца на мехдвары. І цяпер, калі большасць палявых работ завершаны, працоўны дзень пачынаецца з планёркі. Менавіта дзякуючы арганізаванай працы, на думку кіраўніка гаспадаркі Дзмітрыя Ленкаўца, і давялося сёлета палепшыць вытворчыя паказчыкі.
Гэты год у гісторыі сельгаспрадпрыемства можа быць названы годам дасягненняў. ААТ “Голацк” вызначалі ў ліку лепшых гаспадарак не толькі на раённым, але і на рэспубліканскім узроўні. З’явіліся ў сельгасарганізацыі і новыя аб’екты.
Лепшыя на жніве
Сёлетнія “Дажынкі” голацкія хлебаробы заслужана сустракалі ў якасці пераможцаў.
Валавы намалот зерня ў гаспадарцы склаў 10 432 тоны (у мінулым годзе — 8370 тон). Ураджайнасць у сельгаспрадпрыемстве самая вялікая ў раёне — 44 цэнтнеры з гектара (у 2018 годзе — 35,5). Добра папрацавалі на ўборцы кукурузы: намалочана 1661 тона кукурузы на зерне.
Экіпаж камбайна ў складзе Аляксандра Расолькі і Яўгена Кубры стаў пераможцам раённага спаборніцтва. Іх канчатковы намалот — 2232 тоны зерня (без уліку рапсу). Гэтыя вопытныя механізатары былі адзінымі прадстаўнікамі Пухавіччыны на абласных “Дажынках” у Барысаве. Аляксандр Генадзьевіч і Яўген Вячаслававіч занялі трэцяе месца ў абласным спаборніцтве сярод камбайнераў.
Узорны мехдвор
Мехдвор ААТ “Голацк” сёлета прызнаны адным з лепшых у рэспубліцы. Сельгасарганізацыя заняла трэцяе месца па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў.
Для галоўнага інжынера Аляксандра Лешчанкі гэта самая высокая ўзнагарода яшчэ і таму, што гаспадарка нашага раёна ўпершыню стала прызёрам такога конкурсу.
Машынна-трактарны парк у сельгасарганізацыі — адзін з самыя вялікіх у раёне. І ён пастаянна абнаўляецца. Сёлета самастойна набылі паўпрычэп ПМФ-20 і новы малакавоз. У лізінг купілі пагрузчык “Амкадор” і апырсквальнік “Мекасан”.
У добрых умовах
— Мы не стаім на месцы. Усе атрыманыя грошы ідуць на развіццё гаспадаркі: купляем тэхніку і будуем новыя жывёлагадоўчыя памяшканні, — расказвае дырэктар Дзмітрый Ленкавец. — У гэтым годзе за свае сродкі пабудавалі жывёлагадоўчае памяшканне на 150 галоў на МТФ “Хазянінкі”. Шмат увагі надаём і будаўніцтву жылля. На завяршальнай стадыі будаўніцтва трох домікаў і трох кватэр для нашых работнікаў.
Па паказчыках у жывёлагадоўлі ААТ “Голацк” займае лідзіруючыя пазіцыі ў раёне. Валавы надой малака за 10 месяцаў бягучага года склаў 7340 тон (109 працэнтаў да 2018 года). Павялічыўся і надой на карову — 4478 кілаграмаў (108 працэнтаў да мінулага года). Значны прыбытак прыносіць і вырошчванне бычкоў на мяса.
На будучы год сельгасарганізацыя забяспечыла моцную кармавую базу. Нарыхтавана 24 598 тон сіласу. Вынік 2018 года пераўзышлі на 165 працэнтаў.
Новая сталовая
У камфортных умовах цяпер абедаюць работнікі гаспадаркі. У пачатку года пачала працаваць новая сталовая. Раней яна размяшчалася ў прыстасаваным памяшканні каля малочнатаварнай фермы. Акрамя залы для прыёма ежы, у сталовай ёсць і банкетная зала з сучасным музычным абсталяваннем. Яна запатрабавана сярод сваіх работнікаў.
Вясной і летам штодзень у сталовай гатавалі па пяцьдзясят пяць абедаў і сорак пяць вячэр. Цяпер гатуюць толькі абеды, у сярэднім па 30.
Смачную ежу рыхтуюць загадчыца сталовай Ірына Валенда і повар Станіслаў Анішчанка. Станіслаў — малады спецыяліст, ён вярнуўся пасля заканчэння навучальнай установы ў родны аграгарадок. У сталовай працуе са жніўня.
— Я тут быў на практыцы. Спадабалася, таму і вярнуўся. У такіх умовах працаваць прыемна, — расказвае Станіслаў. — З дзяцінства хацеў стаць поварам. І мара збылася.
Працавітыя голацкія людзі
ААТ “Голацк” — адна з нямногіх гаспадарак, дзе распрацаваны ўмовы спаборніцтва на кожным відзе палявых работ. Расцэнкі даволі высокія, таму людзі ведаюць, за што працуюць. Пастаянныя лідары ў сельгасарганізацыі і ў раёне механізатары Аляксандр Расолька, Алег Маркаў, Руслан Пуцят, Канстанцін Вайцяховіч і многія іншыя. Нельга не адзначыць і Сяргея Ходзіна, які раздае кармы на ферме. Незлічоную колькасць кіламетраў ад’ездзілі вадзіцелі Мікалай Карнацкі, Яўген Кубры, Уладзімір Дзятко і іншыя.
Сямейны падрад Валянціны і Міхаіла Хазянінаў з МТФ “Хазянінкі” ў гаспадарцы ведаюць усе. Цяпер яны даглядаюць цялят да 6 месяцаў. Валянціна Міхайлаўна на ферме з 15 гадоў, прыйшла сюды па прыкладзе маці. Муж таксама ўсё жыццё ў “Голацку”. Спачатку працаваў на бензавозе, малакавозе, цяпер разам з жонкай у цялятніку.
Ёсць у гаспадарцы і яшчэ адна сямейная дынастыя. Таццяна Садоўская на МТФ “Голацк” працуе з 1981 года. На сучаснай ферме ў Хазянінках ужо 5 гадоў працуе дачка Таццяны Міхайлаўны Алена Лысенка. Калісьці Алена Валер’еўна працавала ў сталіцы ў будаўнічай сферы. Пасля вярнулася ў Голацк, уладкавалася ў сельгасарганізацыю і атрымала жыллё.
Па прыкладзе маці на МТФ “Голацк” 23 гады таму прыйшла і аператар машыннага даення Аксана Ажаронак.
Аператар машыннага даення Людміла Грышчанка, тэхнік-асемянатар Дзіяна Яскевіч, ветурач Алег Крупко, жывёлаводы Любоў Ляшковіч, Мікалай Прохарчык, Аляксандр Карызна і многія іншыя людзі сваёй добрасумленнай працай пішуць яркія і паспяховыя старонкі гісторыі ААТ “Голацк”.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.