ААТ «Зазерка» адсвяткавала 90-ы юбілей

Анастасія Арахоўская ўручае грамату дырэктару гаспадаркі Андрэю Папельскаму.

90 пасяўных і ўборачных кампаній, 90 сезонаў корманарыхтоўкі — такая значная лічба вызначае  гісторыю ААТ “Зазерка”. З нагоды юбілею ў сельгаспрадпрыемстве прайшло святочнае мерапрыемства.

Пачалося яно з паказу фільма, які падрыхтавалі спецыяльна да юбілейнай даты. У ім расказалі пра тых, хто пачынаў гісторыю калгаса, і пра тых, хто яе працягвае. Галоўнымі героямі кінастужкі былі людзі.

Работнікаў назваў галоўнай  каштоўнасцю гаспадаркі і дырэктар ААТ “Зазерка” Андрэй Папельскі. 90-годдзе гаспадаркі прыйшлося на 4-ю гадавіну яго кіравання. Андрэй Станіслававіч падкрэсліў, што ў гаспадарцы склаўся працаздольны калектыў, якому пад сілу спраўляцца з рознымі задачамі.

Падзякай кіраўніка гаспадаркі за добрасумленную працу адзначаны вадзіцелі Аляксандр Холад і Міхаіл Навіцкі, намеснік дырэктара па вытворчасці Аляксандр Сідорык, аператар па штучным асемяненні жывёлы Ірына Акушэвіч, аператар машыннага даення з сумяшчэннем абавязкаў загадчыцы МТФ “Едліна”  Лаліта Марачкоўская, загадчыца цэнтральным складам Людміла Навіцкая, трактарысты-машыністы    Віктар Валенда, Аляксей Вераскоўскі, Віктар Бурак, Сяргей Кашмель, Сяргей Шчэрба, Канстанцін Максімчык.

Дырэктар Андрэй Папельскі ўручае падзяку вадзіцелю Аляксандру Холаду.

Калектыў гаспадаркі павіншавала таксама старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анастасія Арахоўская. Грамату Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК атрымала інспектар аддзела кадраў Людміла Грабенцова, падзяку — слесар Віктар Пратасевіч. Ганаровыя граматы райкама прафсаюза работнікаў АПК Анастасія Арахоўская ўручыла дырэктару Андрэю Папельскаму, галоўнаму інжынеру Андрэю Пінязіку і трактарысту-машыністу Андрэю Куслію.

 

І гэта далёка не ўсе працаўнікі, якія заслугоўваюць добрых слоў у свой адрас. Большасць работнікаў цяпер задзейнічаны на вясенне-палявых работах. Іх імёны прагучалі пад агульныя апладысменты. Нават свята не нагода спыняць працу.

Галоўны ветурач Таццяна Лабанок, дырэктар Андрэй Папельскі, намеснік дырэктара па вытворчасці Аляксандр Сідорык.

Напярэдадні юбілею адміністрацыя гаспадаркі наведала ветэранаў, якія маюць дзяржаўныя ўзнагароды і званне “Ганаровы калгаснік”.

Павіншаваць калектыў прыйшлі многія партнёры і сябры ААТ “Зазерка”. Урачыстая цырымонія змянілася святочным канцэртам, які падрыхтавалі артысты з Бярэзінскага раёна. Сапраўдным сюрпрызам для гасцей стаў вялікі  торт, якім частавалі ўсіх жадаючых.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *