Абласны камітэт прафсаюза работнікаў АПК адзначыў лепшых  механізатараў Пухавіччыны

Намеснік старшыні абкама прафсаюза работнікаў АПК Пётр Окунеў віншуе механізатара Віталя Гараўскага.

Намеснік старшыні абкама прафсаюза работнікаў АПК Пётр Окунеў даволі часта па розных працоўных пытаннях наведвае наш раён. На мінулым тыдні нагодай  для  візіту  стала  ўручэнне  падзячных лістоў і прэмій аграрыям  раёна.

Папоўніў сваю калекцыю ўзнагарод Віталь Гараўскі з ААТ “Голацк”.  Па выніках  ворыва  Віталь  Пятровіч  неаднаразова ўваходзіў у спіс перадавікоў раёна.

— На сяўбе разам са мной працавалі  яшчэ   два  механізатары. Сёлета мы значна раней пачалі  сеяць раннія   яравыя культуры,  раней і закончылі, — гаворыць Віталь Гараўскі. — Мой бацька калісьці працаваў у “Голацку”. Па яго прыкладзе і я прыйшоў у сельгаспрадпрыемства і працую тут ужо амаль дваццаць гадоў.

Працоўны  стаж у сельскай  гаспадарцы  Уладзіміра  Сарнацкага з ЭБ “Зазер’е” таксама перавышае два дзясяткі гадоў. На Пухавіччыну Уладзімір Мікалаевіч прыехаў дванаццаць гадоў таму з  Гомельскай вобласці, на малой радзіме таксама працаваў на зямлі.

Механізатар Уладзімір Сарнацкі.

Такіх работнікаў, як Уладзімір  Сарнацкі,  называюць універсальнымі. Трактарыст-машыніст выдатна працуе на рознай тэхніцы. Сяўба, падрыхтоўка глебы, нарыхтоўка кармоў, уборка збожжавых культур — механізатару давяраюць усе віды работ. У якасці старшага камбайнера Уладзімір Сарнацкі пастаянна ўваходзіць у спіс тысячнікаў раёна.

— Задача прафсаюзаў — падтрымаць людзей і заахвоціць іх падчас напружанага перыяду вясенніх палявых работ, — падкрэсліў Пётр Окунеў. — Пухавіччына славіцца працавітымі людзьмі. Сезон працягваецца, і я ўпэўнены, што яшчэ не раз сустрэнемся  з вашымі механізатарамі на палях.

Пакуль у спісе перадавікоў раёна  на вясенне-палявых работах механізатары ААТ “Голацк” Сяргей Валенда, Міхаіл  Пратасавіцкі  і  моцная  каманда  ААТ “Агра-Абярэг” у складе Фёдара Хадыкі, Уладзіміра Міхалені, Мікалая Ляпёшкі і Васіля Брандта.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *