Абмяркоўвалі актуальныя тэмы

Традыцыйны дзень інфармавання насельніцтва быў прысвечаны актуальным тэмам, звязаным з аховай прыродных рэсурсаў і  іх беражлівым выкарыстаннем, а таксама са станам спраў па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў на тэрыторыі Мінскай вобласці. 

Гэтыя пытанні з прадстаўнікамі камунальнага прадпрыемства УП “Жылцепласэрвіс” КГ абмеркаваў генеральны дырэктар ГА “Камунальнік” Мінскай вобласці Васіль Шашок (на здымку справа з дырэктарам УП “Жылцепласэрвіс” КГ Іосіфам Кучко і намеснікам старшыні райвыканкама Андрэем Крэменем).

Першая тэма асабліва актуальная і цікавая для камунальнікаў, таму што работа прадпрыемства звязана з выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, а таксама са зборам і ўтылізацыяй адходаў.  Васіль Васільевіч прывёў некалькі лічбаў, якія тычацца здабычы і спажывання вады і карысных выкапняў.  Напрыклад, да 2030 года чалавецтву спатрэбіцца на 50 працэнтаў больш харчавання і на 30 працэнтаў больш вады, чым сёння.  А ў сувязі з ростам насельніцтва і развіццём сусветнай эканомікі да 2035 года глабальнае спажыванне энергіі вырасце прыкладна на 50 працэнтаў.  Усё гэта сведчыць пра вастрыню праблем зберажэння і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Тое, што мы сёння зберажом, дапаможа нам выжыць заўтра.

Для нагляднасці былі прыведзены больш блізкія і зразумелыя лічбы, якія характарызуюць дзейнасць нашага камунальнага прадпрыемства.  З прыкладна трох мільёнаў кубаметраў паднятай вады УП “Жылцепласэрвіс” КГ губляе па розных прычынах  каля 17 працэнтаў.  За год магло б атрымацца цэлае возера.  Гэта недапушчальны працэнт страт, нягледзячы  на тое, што ён нашмат ніжэйшы, чым быў яшчэ некалькі гадоў таму.  Але і яго яшчэ трэба змяншаць.  Як і займацца пытаннямі энергазберажэння ў кожным падраздзяленні прадпрыемства, на кожным працоўным месцы.

Больш актыўна трэба весці работу і  па зборы другаснай сыравіны.

Інфармацыю па другім пытанні, звязаным з абаротам наркатычных рэчываў, кожны чалавек хацеў бы чуць у тэарэтычнай плоскасці.  Але гэтая хвароба не дае нікому падставы для самазаспакаення.  Нягледзячы на дасягнутыя ў 2017 годзе вынікі, сітуацыя, што складваецца на тэрыторыі вобласці ў гэтым годзе, не вельмі аптымістычная: канстатавана павелічэнне на 13 працэнтаў агульнай колькасці выяўленых злачынстваў, у тым ліку на 27,2 працэнта — збыту наркотыкаў.

Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Крэмень, які прысутнічаў на дні інфармавання, чыста  па-чалавечы параіў кожнаму абавязкова пагаварыць з дзецьмі або ўнукамі як пра тое, што пакаранне за падобныя злачынствы становіцца больш жорсткім з кожным годам і вымяраецца гадамі зняволення ў калоніях і турмах, так і пра тое, што адбываецца з наркаманамі неўзабаве пасля пачатку прыёму наркотыкаў.  Пераканаўчых відэа сёння шмат.

Сустрэча, прымеркаваная да дня інфармавання, завяршылася рашэннем рабочых і асабістых пытанняў.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *