Адна з тысяч гісторый пра нашых землякоў

У  цэнтры  вёскі  Азярычына  знаходзіцца  помнік  загінуўшым  у гады Вялікай  Айчыннай  вайны землякам. Побач  з фігурай  смуткуючай  маці  на  памятнай  стэле  пазначаны  дзясяткі  прозвішчаў, сярод  якіх —   Аляксей  Іванавіч  Ладуцька. Ён  загінуў  на  шаснаццатым  годзе  жыцця. Цяжка ўявіць, што ён  быў  у  маім  узросце і не  паспеў  многа чаго зрабіць у гэтым жыцці. Аляксей аддаў сваё  жыццё   за  Радзіму. Дзе і як  загінуў хлопец? Ці помняць  Аляксея  яго  родныя, аднавяскоўцы?

…Ён быў вясёлым  хлапчуком  з  адкрытым  поглядам. Алёшу  ў сям’і  ўсе  любілі. Дарослым  братам  Яўсею  і  Міхаілу  ён  быў  добрым  памочнікам  на  сенажаці  і  жніве, са  старэйшай  сястрой   Аленай  хадзіў  па  грыбы, меншаму  браціку  Віцю  паказваў  самыя  рыбныя  мясціны  на  Пцічы. Прыгажуня Маня  жыла  і  працавала ў  Мінску і  пераконвала  брата  добра  вучыцца, каб  потым  прадоўжыць  вучобу  ў  горадзе.

Усе  надзеі  і  мары  перакрэсліў  сорак  першы  год. Пайшлі на  фронт  старэйшыя  Яўсей  і  Міхась. Сястра  Алена,  якая  яшчэ  тры  месяцы  назад  красавалася  нявестай  на  вяселлі, правяла  на  вайну  свайго  мужа  Міхаіла. Невядомы  быў  лёс  Мані. І  тады  ніхто  не  ведаў, што  ўсе  разам  яны ўжо  ніколі не  збяруцца. Толькі  праз пяць гадоў стане  вядома: лейтэнант   Міхаіл  Іванавіч   Ладуцька загінуў  пад  Масквой  у   1941 годзе,  радавы   Яўсей  Іванавіч  Ладуцька  загінуў  у  канцы  1945 года  і  пахаваны  ў  Польшчы, радавы   Міхаіл  Міхайлавіч  Моўчан  загінуў у   1941 годзе пад  Смаленскам.

Немцы  ў  вёсцы  Вялікая  Лука  паказваліся  час  ад  часу. Яны прыязджалі  на  машынах  і  матацыклах  з  Рудзенска, дзе  быў  размешчаны  нямецкі гарнізон, забіралі  ўсё, што  хацелі: свіней, курэй, яйкі, масла, малако, лепшыя  рэчы. Былыя  калгаснікі  былі   вымушаны  здаваць   на  патрэбу  арміі  вермахта  пэўную  колькасць  прадуктаў  харчавання. У вёсцы гаспадарылі  паліцаі, сярод  якіх  былі  і  свае,  мясцовыя. Яны  добра  ведалі  сем’і  франтавікоў, камуністаў, камсамольцаў, пагражалі  ім расправай. Многія  жыхары   вёскі  спалі  апранутымі, каб  быць  гатовымі  ў  любую  хвіліну  пакінуць хату  і  ратаваць  сваё  жыццё. Людзі  сталі  сыходзіць  у  лес, у  партызанскі  атрад. І  вельмі  хутка  захопнікі  адчулі, што   такое   беларускія   партызаны.

Алёша  таксама  вырашыў  уступіць у партызанскі атрад. Сафія  Аляксееўна, якая  кожны  дзень  малілася, каб  аберагчы  сыноў-франтавікоў ад  варожых  куль, цяпер стала  прасіць  у Божай  Маці заступніцтва  і для  Алёшы.

У атрадзе  ён  спачатку  дапамагаў  па  гаспадарцы, потым  стаяў  на  варце  ў  сакрэце (размяшчэнне  партызан  пастаянна  ахоўвалася). Хлопец  прасіўся  на  баявыя заданні. Але  прыходзілася  выконваць  розныя  даручэнні:  хадзіць  у вёску  за  прадуктамі, сустракаць  і  праводзіць  сувязных, дапамагаць  у  будаўніцтве  зямлянак.

Праз  некаторы  час Аляксей  быў   залічаны  ў   групу  падрыўнікоў: разведваў  падыходы да  чыгункі, вучыўся  закладваць  міны  пад  рэйкі. І  вось  першае  баявое  хрышчэнне: у  складзе  групы  падрыўнікоў  хлопец  пайшоў  на   чыгунку  Мінск – Пухавічы. Нам, цяперашнім  хлопцам  і  дзяўчатам, напэўна, цяжка  ўявіць, пра  што  думае  юнак, які  ідзе  на  небяспечнае  заданне і  нават  не  ведае, ці  вернецца  жывым…

Алёша  з часам  навучыўся  непрыкметна  прабірацца  да  чыгункі  і  маскіраваць  міну,  ён  мог  падоўгу  ляжаць  амаль  нерухома, каб  не  быць  заўважаным  немцамі,   якія  перад  праходам  цягніка   ўважліва   аглядалі  чыгунку  і  наваколле.

Аднойчы   група   адправілася  на  чыгуначны   перагон  Рудзенск – Раўнаполле. І з таго рэйду назад  у  атрад  хлопец  не  вярнуўся:  ля  чыгункі  завязаўся  кароткі  бой…

Паліцаі  прывезлі   цела  Алёшы ў  вёску  Раўнаполле, кінулі  прама ў пыл  на  вуліцы. Было  аб’яўлена,  што  забараняецца  пахаваць  юнака, пакуль па  цела  не  прыйдзе  хто-небудзь  з  родных. Людзі  ведалі: выкрыўшы   сям’ю  партызана, ворагі  знішчаць  усіх.  Пад  аховай  паліцаяў  акрываўленае  цела  падлетка  праляжала  сярод  вуліцы  трое  сутак.   Многія   падыходзілі,     глядзелі  моўчкі, сцяўшы  зубы,  і, сціснуўшы  кулакі,  адыходзілі.

Да  суседзяў  Сафіі  Аляксееўны  прыйшлі  з  атрада  і  расказалі, што  здарылася  з  Алёшам.  Партызаны  параілі  закрыць  маці  Алёшы  пад  замок,  каб  яна   не  пабегла  развітацца   з   сынам.  Яе  закрылі  ў  склепе  на  два дні.

Хоць  позіркам  развітацца  з  Алёшам  пайшлі  суседка  Маня і малодшы  брат  загінуўшага  — Віця. Палічылі, што  хлопчык  яшчэ  нічога  не  разумее пра   смерць. Малому  прыказалі  маўчаць і  не  прызнавацца, што  забіты  —  яго  брат. Яны   прыйшлі  ў  Раўнаполле. Людзі  падказалі, дзе  ляжыць  забіты  партызан. Яны  ўбачылі  людзей   па  баках  вуліцы, а  пасярод — цела  Алёшы…

Наступнай  ноччу  мясцовыя  жыхары  выкралі  цела хлопца, падпаіўшы  паліцаяў самагонкай, і  пахавалі  ў  полі. Пасля  вайны  ён  быў  перазахаваны ў  брацкай  магіле  каля вёскі  Раўнаполле.

…Гэта адна з тысяч гісторый. Яна нагадвае нам пра цану незалежнасці і міру. Мы  павінны  рабіць  усё магчымае, каб  Вялікая  Айчынная  была  апошняй  вайной  на нашай  роднай  зямлі. Я не  хачу, каб  дзе-небудзь  і  калі-небудзь  гінулі  мае  равеснікі, такія,  як  наш  зямляк  Аляксей  Ладуцька.

Аліна  Чэхунова,

выпускніца Азярычынскага  НПК-дзіцячы сад-базавая школа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *