Адзін з самых высокіх паказчыкаў ураджайнасці — у СУП «Дукора-Агра»

 У СУП «Дукора-Агра» сёлета трэба ўбраць 2950 гектараў збожжавых і зернебабовых культур, што значна больш, чым у мінулым годзе. Ужо ўбралі

25 працэнтаў збожжавага кліну. Штодня план уборкі прырастае на 5 працэнтаў. Усяго за дзень убіраюць 100-110 гектараў. У гэтай гаспадарцы адзін з  самых высокіх паказчыкаў ураджайнасці ў раёне — 46 цэнтнераў збожжа з гектара.

Камбайнер Віктар Мялаў

Гэтымі днямі ў сельгасарганізацыі ўбіраюць азімае трыцікале, якое вырошчвалі на 410 гектарах. Ураджай яго добры — 43-45 цэнтнераў з гектара. Вельмі задаволены сёлета жытам гібрыдным, якое ўвогуле дае 65-70 цэнтнераў з гектара. Адпраўляюць яго для пера-працоўкі на ААТ «Машхарчпрад».

У гаспадарцы робяць стаўку на азімую пшаніцу, першыя ўчасткі якой даюць ад 68 да 72 цэнтнераў збожжа з гектара.

На жніве-2022 задзейнічаны шэсць экіпажаў сваёй гаспадаркі і два адкамандзіраваныя з прад-прыемства-інвестара ААТ “Машхарчпрад”.

— У нас адна з самых вялікіх нагрузак на камбайн: 450 гектараў, а калі разам з рапсам, то 530 гектараў, — адзначае дырэктар СУП «Дукора-Агра» Максім Лапцёнак. — Дзякуем нашаму інвестару — ААТ  “Машхарч-прад”, які ўвесь час падтрымлівае нас: дапамагае набываць неабходныя запчасткі,  збожжа ад камбайнаў адвозяць усе восем машын завода. Яго работнікі дапамагаюць нам і ва ўборцы ўраджаю.

Дарэчы, зараз камбайнерам даводзіцца манеўраваць. Напрыклад, з раніцы ўбіраюць азімы трыцікале, у абед пераязджаюць убіраць ячмень. Пры гэтым імкнуцца мінімізаваць перагоны.

Следам за камбайнамі працуюць тры прэсы, якія прасуюць салому. Для патрэб гаспадаркі неабходна запрасаваць 4 тысячы тон саломы. Адразу рыхтуюць палі і пад сяўбу азімага рапсу, уносяць калійныя і фосфарныя ўдабрэнні. Сёння-заўтра прыступаюць да яго сяўбы. Неабходна пасеяць 700 гектараў, што на 200 гектараў больш, чым у мінулым годзе.

— Мы паглядзелі, што культура гэта пры выкананні тэхналогіі вырошчвання вельмі рэнтабельная,  добра паказвае сябе па ўраджайнасці, — кажа Максім Анатольевіч. — Акрамя таго мы вырашылі змяніць структуру пасяўных плошчаў. Будзем павялічваць  азімы клін. Па вясне нам будзе прасцей рабіць апрацоўку пасеваў. Першы раз пасеем 300 гектараў азімага ячменю. У суседніх гаспадарках адзначаюць, што культура гэтая выгадная і дае магчымасць расцягнуць жніво.

Адразу за вёскай Падбярэжжа на ўборцы 80-гектарнага поля трыцікале працавала амаль уся тэхніка. Камбайнераў мы ўбачылі падчас перапынку на абед. У сельгасарганізацыі працуе свая сталовая. Абеды  прывозяць прама ў поле.  За харчаванне, дарэчы, вылічваюць толькі дзесяць працэнтаў ад кошту. Абед камбайнеру абыходзіцца трохі больш за рубель.

У спякотныя дні, нягледзячы на тое, што камбайны абсталяваны кандыцыянерамі і тэмпература ў кабіне камфортная, усё роўна неабходна вытрымліваць пітной рэжым. Абавязкова з сабой у кабінах — мінеральная вада.

Усе камбайнеры ў сельгас-арганізацыі вопытныя і адказныя.

— Я ўжо і не памятаю, якое гэта жніво для мяне, — кажа старэйшы камбайнер Віктар Мялаў. — Столькі іх было ў маім жыцці! З 1979 года ўбіраю хлеб з палёў. Ворыва, сяўба, уборка — усе работы люблю, але з асаблівым пачуццём стаўлюся да хлебнай нівы. Як убачу, што збожжа наліваецца, хутчэй хочацца сесці за штурвал камбайна. І ўсе хваробы забываюцца, імкнуся ўсе сілы аддаць працы. Убіраць хлеб — мая стыхія. Я і сыну любоў да зямлі перадаў. Ён мой надзейны памочнік. З раніцы дапамагае з камбайнам, і на полі мне без  яго цяжка.

У гаспадарцы кожны год ёсць камбайнеры-тысячнікі. Сярод іх і Дзмітрый Хвастоў. У мінулым годзе на яго рахунку было 2 тысячы 104 тоны намалочанага збожжа.

— Больш  за ўсё люблю ўбіраць жыта, — кажа Дзмітрый. — На жаль, сёлета ёсць участкі з палегліцай, але на гэты выпадак выкарыстоўваем спецыяльныя сцеблапад’ёмнікі, каб убраць усё да зярнятка.

Анастасія

ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *