Адзначылі за добрую працу
Мінулыя выхадныя сталі адметнымі для экіпажа збожжаўборачнага камбайна Дзмітрыя і Уладзіслава Рымашэўскіх з сельгасфіліяла “Дрычын”. Яны далучыліся да радоў камбайнераў–тысячнікаў нашага раёна. Павіншаваць іх з гэтай падзеяй на поле прыехалі старшыня Пухавіцкага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Людміла Гулякевіч і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Кацярына Сянько.
Пад вечар у нядзелю прайшоў невялікі дожджык, і некалькі камбайнаў стаялі на ўскрайку поля: механізатары чакалі, пакуль сонца і вецер падсушаць зерневыя. Гэты час якраз і скарысталі, каб павіншаваць экіпаж з працоўнай перамогай, уручыць падарункі і пагаварыць з механізатарамі.
Ганаровую грамату і падарунак у гэты дзень атрымаў і аператар зернесушыльнага комплексу Дзмітрый Чаўнакоў. Завіталі мы і на зерняток. Яго загадчыца Таццяна Васільева абрадавалася падарунку, які ўручыла Кацярына Сянько. Мікрахвалевая печ для калектыву гэтага ўчастка — карысная рэч. Работа на зернетаку ідзе ў дзве змены. Працуюць 8 чалавек, з іх пяцёра — жыхары Столінскага раёна. Вядзецца закладка зерня на захоўванне і падрыхтоўка насення. Таццяна Міхайлаўна расказала, што 35 тон азімай пшаніцы ўжо падрыхтавалі, прыступілі да трыцікале.
У выхадныя ўборку азімых культур у гаспадарцы закончылі, вядзецца ўборка яравых. На палетках працуе сеялка, пачалася сяўба рапсу, а гэта ўжо клопат пра ўраджай наступнага года.
Вольга САВАСЦЮК.