Аграрыі не губляюць каштоўны час і рыхтуюць насенне да веснавой сяўбы
У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна ў гэтыя дні вядзецца чыстка насення шматгадовых траў і яравых культур.
Два сельгаспрадпрыемствы ўжо справіліся з гэтай работай у вызначаныя тэрміны: КСУП «Аграсімвал», дзе падрыхтавалі да вясенняй сяўбы ўжо 166 тон насення, і «Голацк», дзе пачысцілі 395 тон.
Поўным ходам падрыхтоўку насення вядуць у СГФ «Чырвоны май». За дзень у сельгасфіліяле чысцяць да 30 тон на двух агрэгатах. У КСУП «Зазерка» трэба падрыхтаваць да вясенняй сяўбы 307 тон насення яравых культур.
Больш за ўсіх — 423 тоны насення — неабходна пачысціць і пакласці на захоўванне ў КСУП «Індустрыя-СГ». У Зацітавай Слабадзе рабочыя ўжо падрыхтавалі 30 тон насення аўса, а ў Ананічах праз чатыры «Петкусы» прапусцілі 11 тон насення шматгадовых траў.
— Амаль ва ўсіх сельгасарганізацыях імкнуцца справіцца з гэтай работай да моцных маразоў, — адзначае начальнік інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін па Пухавіцкім раёне Наталля Булыга. — Усе разумеюць, што ад гэтага залежыць будучы ўраджай. Калі тэмпература паветра апусціцца ніжэй за мінус 15 градусаў, пацерпіць зародак, што ў будучым негатыўна адаб’ецца на ўсходжасці насення. Таму аграрыі імкнуцца не марнаваць часу і карыстаюцца спрыяльным для выканання гэтай працы надвор’ем.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.