Аграрыі прыступілі да ўборкі рапсу

У канцы мінулага тыдня  збожжаўборачныя камбайны выехалі на поле каля вёскі Бор. Аграрыі КСУП «Аграсімвал» першымі ў раёне пачалі ўборку азімага рапсу. Яго тут вырасцілі 370 гектараў.

Убіраць алейную культуру пачалі камбайнеры Пётр Мотуз і Андрэй Баёк. На наступны дзень да іх далучыліся Аляксандр Клеўка, Анатоль Лабанок і Уладзімір Мазанік.

Механізатары загадзя падрыхтавалі сваю тэхніку, падчапілі рапсавыя сталы, атрымалі допуск да ўдзелу ва ўборачнай кампаніі.

Першыя ўбраныя гектары галоўнага агранома сельгасарганізацыі Марыю Цымановіч радуюць. — Азімы рапс-культура вельмі затратная, кажа Марыя Анатольеўна. — Мы ўклалі шмат сіл і сродкаў, каб атрымаць добры ўраджай масланасення. Пасеялі эліту гатунку «анікс». Ён дае нядрэнныя ўраджаі на нашых пяшчаных землях. Шмат мерапрыемстваў праводзім па догляду за раслінамі: дзве-тры апрацоўкі ад шкоднікаў, хвароб. Шмат у чым на ўраджай рапсу ўплывае надвор’е. Напрыклад, у гэтым годзе вясна падвяла: адразу было шмат вільгаці, а потым засушлівае надвор’е, што дрэнна адбілася на паспяванні алейнай культуры. З першых гектараў атрымліваем пакуль па 13 цэнтнераў насення.

Спачатку сельгасарганізацыі неабходна выканаць дзяржзаказ: здаць 100 тон алейнага насення. Астатняе адправяць на перапрацоўчае прадпрыемства ў Віцебскую вобласць. Адкуль атрымаюць ужо гатовы шрот на корм жывёле.

Усё зерне з поля адпраўляецца на дапрацоўку на зернеток. Дзе яго дапрацоўваюць да патрэбнай вільготнасці. 7-8 дзён пры добрым надвор’і спатрэбіцца працаўнікам «Аграсімвала», каб убраць вырашчаны ўраджай. Для выканання гэтай работы абавязкова патрэбна сонечнае надвор’е. Ёсць асаблівасць у гэтай культуры— стручкі раскрываюцца і зярняты сыплюцца на зямлю. Калі ўпусціць момант, можна страціць каштоўны ўраджай. Таму неабходна ўбраць у самыя кароткія тэрміны.

— Я заўсёды сама праеду з камбайнерам па полі, пагляджу на вынік нашай працы з кабіны камбайна — кажа галоўны аграном. — Гэта такі своеасаблівы рытуал. Сёлета рапс вырас прыгожы. Галоўнае зараз убраць яго без страт.

Наперадзе аграрыяў чакае вялікая жніво. Да ўборкі ў сельгасарганізацыі —1700 гектараў збожжавых і зернебабовых культур. У полі выедуць шэсць камбайнаў. Зараз жа, як быццам ідзе «генеральная рэпетыцыя» перад адной з самых адказных сельгаскампаній.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *