Аграрыі  Пухавіцкага раёна закладваюць аснову пад будучы ўраджай

Механізатары Сяргей Буторын і Іван Прановіч.

З наступленнем зімы работы на палетках сельскагаспадарчых арганізацый раёна  не спыніліся. Ужо цяпер аграрыі  закладваюць аснову пад будучы ўраджай — актыўна займаюцца вывазам арганічных угнаенняў на палі. Добра арганізаваны гэты від работ у сельгасфіліяле “Чырвоны  май”, дзе сфарміравана працоўнае звяно.

У    гаспадарцы    нарыхтавана   7 тысяч 300 тон арганікі.  Амаль  6,5 тысячы тон ужо вывезена на палі. Пад яравыя культуры восенню ўнеслі 3 тысячы тон арганічных угнаенняў. Астатнюю частку  будуць уносіць вясной будучага года. Унясенне арганікі спрыяе павелічэнню колькасці перагною, а гэта, у сваю чаргу, — развіццю мікраарганізмаў у глебе.

— Як паказала практыка папярэдніх гадоў, на нашых землях найбольш эфектыўна ўносіць арганіку пад кукурузу, — гаворыць галоўны аграном Віктар Несін. — Да вясенняй пасяўной часткова мы ўжо гатовыя. Усю неабходную плошчу  зааралі з восені.  Насенне таксама ўжо падрыхтавана.

Вывазам удабрэнняў аграрыі сельгасфіліяла актыўна заняліся пасля завяршэння корманарыхтоўчай кампаніі.  Работы ў асноўным вядуцца каля комплексу “Блужа” і  фермы ў Арэшкавічах. У Блужы ў панядзелак мы і сустрэлі працоўнае звяно. На новым  “Амкадоры”, які набылі летам,  амаль бесперапынна працуе  Дзмітрый Касцецкі.

Механізатар Дзмітрый Касцецкі.

— З шасці гадзін раніцы я ўжо на ферме. Трэба карміць жывёлу.  Гэта абавязковая штодзённая праца, таму выхадных цяпер няма, — гаворыць Дзмітрый Касцецкі, які ў гаспадарку прыйшоў па прыкладзе  бацькі. У сельгасфіліяле Дзмітрый Ігаравіч працуе ўжо восем гадоў.

Адзін за адным да пагрузчыка пад’язджаюць трактары. На двух энерганасычаных трактарах “Беларус-3022”  працуюць Андрэй Булгак і Віталь Паскробка.  На адвозцы арганікі задзейнічаны таксама Сяргей Буторын і Іван  Прановіч. Апошняму  нядаўна даверылі  новы   “Беларус-82,1”.  Тэхніку механізатары лічаць галоўным складнікам  паспяховай  работы.

Механізатары Андрэй Булгак і Віталь Паскробка.

Усе працуюць зладжанай камандай.  Калі неабходна, да працоўнага звяна далучаюцца іншыя механізатары.

Усяго  ў  раёне  нарыхтавана  228 тысяч тон арганічных угнаенняў. На палі вывезена больш за 200 тысяч тон арганікі.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *