Аграрыі вядуць уздым зябліва, што дасць магчымасць вясной хутчэй справіцца з пасяўной
У гэтыя восеньскія дні аграрыі вядуць уздым зябліва, што дасць магчымасць вясной хутчэй справіцца з пасяўной.
У сельскагаспадарчых арганізацыях пачынаюць весці зяблівае ўзворванне глебы. Карысць ад гэтых работ відавочная, лічаць вучоныя. Ад своечасовай апрацоўкі глебы шмат у чым залежыць прадуктыўнасць сельгаскультур. Зяблевую апрацоўку глебы ўжо вядуць сельгас-філіялы «Чырвоны май» і «Светлая ніва», СУП «Дукора-Агра», ПСУ «Рудзенскае», КСУП «Агра-Абярэг».
Практычна завяршыўшы сяўбу азімых збожжавых, на гэтым тыдні ў сельскагаспадарчым вы-творчым філіяле «Дрычын» таксама пачалі паднімаць зябліва. Вядуць зяблевае ўзворванне зараз на палях, дзе расла кукуруза. Ужо зрабілі гэтую восеньскую справу на плошчы 100 гектараў.
— Увесну на гэтых палях мы будзем сеяць яравыя збожжавыя культуры — пшаніцу, трыцікале, — расказвае галоўны аграном СПФ «Дрычын» Расціслаў Клачко. — Галоўны ўпор мы зрабілі на азімую групу: пасеялі азімыя збожжавыя на плошчы 1200 гектараў. Упершыню на нашых палях будзем апрацоўваць азімы ячмень, які заняў 100 гектараў. Ён спее значна раней, што дасць нам магчымасць забяспечыць жывёлагадоўчую галіну свежай саломай, якой не хапае ў гэты перыяд года. А яшчэ да плюсаў азімых можна аднесці той факт, што даюць яны, як правіла, большы ўра-джай. Напрыклад, яравы рапс пры ўмове снежнай зімы дае ўраджай да 20 цэнтнераў з гектара, а азімы — да 50 цэнтнераў.
Што ж тычыцца яравых культур, пад якія зараз вядзецца зяблевае ўзворванне, то пад іх аграрыі сельгасфіліяла адводзяць 500-600 гектараў. Там, дзе будзе пасеяна кукуруза і буракі, унясуць арганічныя ўгнаенні, а фосфарныя і калійныя ўдабрэнні плануецца ўнесці вясной.
— Дзякуючы зяблеваму ўзворванню адбываецца мноства карысных працэсаў, — кажа Расціслаў Русланавіч. — Уздым зябліва забяспечвае закладку ўдабрэнняў, адыгрывае вырашальную ролю ў барацьбе з хваробамі і шкоднікамі. А яшчэ значна змяншае напружанасць веснавых палявых работ, забяспечвае больш якасную перадпасяўную апрацоўку глебы, пасеў сельгаскультур у лепшыя агратэхнічныя тэрміны.
Займаецца зяблевым узворваннем Аляксей Мянькоў на МТЗ-3522 з абаротнымі чатырохмятровымі плугамі. Максімальна за дзень ён можа заараць да 40 гектараў.
— Я чацвёрты сезон задзейнічаны на гэтай рабоце, — кажа Аляксей. — Да таго моманту, як не было дажджоў, араць было вельмі складана. Цяпер жа ўсё спадарожнічае добрай працы. Зараз заворваю поле, дзе расла яравая пшаніца. Месцы, дзе глеба суглінкавая або тарфянікі, цяжэй паддаюцца. Але і з імі спраўляюся.
Анастасія ПЛЯТНЁВА.