«Агульная дыктоўка» пройдзе 6 чэрвеня ў анлайн-фармаце
«Агульная дыктоўка» — праект, накіраваны на падтрымку беларускай мовы — у гэтым годзе пройдзе 6 чэрвеня ў новым анлайн-фармаце, паведамляе сайт арганiзатараў.
Дыктоўка ў 2020 годзе будзе дыстанцыйнай, а арганізатар ініцыятывы пералічыць на дабрачынны рахунак Міністэрства аховы здароўя 5 BYN за кожнага ўдзельніка, а таксама дадатковую суму за тых, хто напіша дыктант на 9 і 10 балаў.
«Сёлета “Агульная дыктоўка” дасць магчымасць кожнаму беларусу не толькі праверыць валоданне мовай, але і зрабіць свой унёсак у барацьбу супраць COVID-19», — гаворыцца ў паведамленні.
Прамое ўключэнне будзе арганізавана на YouTube. Рэгістрацыя на «Агульную дыктоўку» адкрыта да 4 чэрвеня ўключна і даступная па спасылцы.
Упершыню «Агульная дыктоўка» прайшла ў 2017 годзе ў Нацыянальнай бібліятэцы. У розны час праект падтрымлівалі група Naviband, SHUMA, акцёры Купалаўскага тэатра, рэжысёр Іван Пінігін, пісьменнікі Андрусь Горват і Людміла Рублеўская. У 2019-м асноўнае мерапрыемства суправаджала радыётрансляцыя, дзякуючы чаму да праекта змаглі далучыцца не толькі ў Беларусі, але і ў ЗША, Польшчы, Расіі і Украіне.
Крыніца: Млын.бай