Аматарская каманда “Алімпік” увайшла ў тройку лепшых

Чэмпіянат Пухавіцкага раёна па футболе завершаны. Пераможцам стала каманда “Дружны”. На другім месцы — “Ультра”. У тройку лепшых сёлета ўвайшла аматарская каманда “Алімпік”. Хлопцы заснавалі  сваю  каманду  яшчэ ў  2017 годзе  і самастойна развіваюцца ў футбольнай сферы. Ужо другі год запар яны  становяцца бронзавымі прызёрамі чэмпіянату.

Каманда ўдзельнічае ў чэмпіянаце з-за асабістай цікавасці да футбола. Хлопцы не прафесіяналы, але ў іх ёсць трэнер, які па сумяшчальніцтве з’яўляецца іх сябрам. Перад кожным турам — трэніроўкі. Юнакі супернічаюць з камандамі, дзе футбалісты значна старэйшыя за іх па ўзросце, але гэта іх не спыняе. Наадварот,  прымушае гуляць лепш і быць мацней за супернікаў. Не абыходзіцца ў каманды без паражэнняў, і гэта толькі стымул рухацца наперад.

Большую частку каманды складаюць выпускнікі сярэдняй школы № 2 горада  Мар’іна Горка.  Капітан і  арганізатар яе — Раман Рагавенка, будучы палітолаг-юрыст. Сёлета па рашэнні суддзяў ён названы лепшым варатаром: прапусціў менш за ўсё галоў падчас матчаў.

“Алімпік” лічыцца аматарскай камандай, але хлопцы прымаюць удзел і ў выязных матчах. Арганізацыйнымі пытаннямі займаецца Анастасія Царукова, студэнтка 3-га курса БНТУ.

Каманда актыўна расказвае пра сябе ў сацыяльных сетках. Там “Алімпік” размяшчае анонсы гульняў, фотаздымкі з матчаў, каментарыі, ладзіць розныя розыгрышы.

У наступным годзе “Алімпік” зноў будзе змагацца за званне чэмпіёнаў раёна.

Таццяна  ШАШОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *